Навагодняя ноч на Макаёнка, 9. Любімыя артысты і маса прыемных сюрпрызаў

31 декабря 2019
Зусім хутка пачуем і віншаванні ад зорак эстрады. Адразу пасля "Панарамы" на "Беларусь 1" у эфір выйдзе вячэрняе шоу ў пашыраным фармаце "Новы год на Макаёнка, 9". Каманда Агенцтва тэленавін сабрала разам вашых любімых артыстаў і падрыхтавала масу прыемных сюрпрызаў. Лідзія Заблоцкая падрыхтавала аргументы,  чаму варта застацца ў гэтую ноч на першай кнопцы! 

Новы год сустракаем на "Макаёнка, 9"

26 гадзін здымак, 44 песні і некалькі тон настрою - тут. Палымяней за традыцыйны навагодні агеньчык і больш маштабна за звыклы фармат вячэрняга шоу.
 

Шоу здымалі ў самай вялікай студыі ў краіне на 16 камер

"Макаёнка, 9" б'е рэкорды. На вашых экранах самая вялікая студыя ў краіне - 1200 квадратных метраў - і, мабыць, самая яркая карцінка. Усе тры гадзіны шоу - аб'ектывамі 16 камер. Такая колькасць тэхнікі была толькі на дзіцячым "Еўрабачанні" ў Мінску. 

Іван Эйсмант, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Вырашылі, што мы паклічам усіх у госці на "Макаёнка, 9". Не толькі маецца на ўвазе адрас, дзе мы знаходзімся, але і праграма, якая стартавала сваім другім сезонам".

Вядучыя вечара - Яўген Перлін і Андрэй Макаёнак 

Вядучыя вечара Яўген Перлін і Андрэй Макаёнак дапамогуць не ўпасці ў ступар, збяруць ідэальнага беларускага спартсмена, наладзяць тэлемост з жыхарамі Арктыкі і асвояць майстэрства нестандартнага адкрывання шампанскага! Усё гэта - у кампаніі медыйных асоб.
 

Спартсмены, мадэлі, вядучыя рэйтынгавых перадач - у гасцях на "Макаёнка, 9".

Аляксандр Глеб, футбаліст: "Усё выдатна, атмасфера проста бамбічная, людзі святкуюць, адпачываюць. Я ўсім землякам жадаю, каб у наступным годзе такая атмасфера была цэлы год!".
Аляксандр Смірноў, вядучы праграмы "Зона Х": "Адчуваецца надыход Новага года! А тое, што ў куфлях, мы не рызыкуем каштаваць, таму што мы каманда, навучаная жыццём. У нас занадта вялікі вопыт у гэтым плане. Пакінем для прыгажосці".

Спецыяльна для гледачоў - караоке. У кадры - сапраўдная танцпляцоўка

Вы ж будзеце не толькі назіраць, але і падпяваць! Спецыяльная функцыя - караоке. 
Дарэчы, як паказалі гледачы на пляцоўцы, танчыць можна на кожнай песні. Усе 700 чалавек і забыліся, што знаходзяцца ў павільёне. І зрабілі сапраўдную танцпляцоўку!

У плэй-лісце - Ціма Беларускіх, Дзмітрый Калдун, "Вопли Видоплясова". Усяго - 45 песень

У плэй-лісце - сапраўдныя народныя выканаўцы. Напрыклад, "Вітамінка" - асабіста ад аднаго з самых папулярных беларускіх.

Круціць верталёты будуць разам з Дзмітрыем Калдуном.

А "Вясну" спецыяльна з Кіева даставяць "Вопли Видоплясова". 

Так, упершыню ў спіс дадалі такую колькасць замежных выканаўцаў. Аляксееў, "Мая Мішэль", Джо Лін Цёрнер. На агеньчык завіталі і дзясяткі беларускіх артыстаў. 

У нашым музычным вінегрэце - не проста бульба. Эксклюзіўна для вас - новая версія хіта. Тут пакінем трэк без каментарыяў.

Артысты і госці "Макаёнка, 9" павіншуюць гледачоў

Без чаго немагчыма ўявіць ні адзін навагодні агеньчык, дык гэта без віншавання артыстаў, спартсменаў. На "Макаёнка, 9" пра гэтую традыцыю не забылі і стварылі спецыяльную зону. Правядзём для вас невялікую экскурсію. Вось артысты спускаюцца са сцэны, і зараз NaviBand пройдуць па гэтай дарожцы і запішуць самыя цёплыя словы вам. І, што важна, на "Макаёнка, 9" ніякай бутафорыі. Вось такі крышталь. Самы сапраўдны. І, як нам перадалі арганізатары, куфлі пацярпелі. На шчасце, перад Новым годам.
Ну што ж, ярчэйшым можа быць толькі смак аліўе! Заставайцеся на першай кнопцы.