Навагоднія выхадныя шматлікія беларусы правялі ў актыўным адпачынку

2 января 2017

Навагоднія выхадныя дні шматлікія беларусы правялі ў актыўным адпачынку, напрыклад, на лядовых катках або на гарналыжных схілах,  у аграсядзібах.  Тэмпературны плюс не спыняе аматараў такіх забаў, да таго ж, як высветлілі нашы карэспандэнты,  як мінімум за горадам снега хапіла. Актыўна першыя дні новага года правяла і Дзіяна Равякова.

Лыжы, снаўборд, санкі, цюбінг і, вядома,  снег.  У гэтыя навагоднія выхадныя яго зусім нямнога. Але каб адпачыць на гарналыжным схіле  - дастаткова.

Іна Калбаска, інструктар па горных лыжах Рэспубліканскага гарналыжнага цэнтра "Сілічы": "Прыязджаюць, нягледзячы на надвор'е, вы бачыце, тут снег ёсць. Адпачынак вельмі добры, усе з добрым настроем".

Адпачыць на снежныя схілы нашых гарналыжных цэнтраў прыязджаюць не толькі беларусы.  Ды і не толькі на снежныя схілы. Па выніках мінулага года,  Беларусь на першым месцы ў намінацыі "Лепшая краіна для агратурызму". У міжнародным апытанні рэспандэнты аддалі нам 24 % галасоў. Масквіч Мікалай Інкіжынаў у даследаванні ўдзел не прымаў, аднак у нашай краіне святы  адзначае ўжо не першы раз. Прызнаецца, адпачынак у Беларусі яму заўсёды падабаецца.

Мікалай Інкіжынаў, наведвальнік Рэспубліканскага гарналыжнага цэнтра "Сілічы": "Прыехалі да сваіх родных і блізкіх, сабралі вельмі вялікую кампанію з 10 чалавек. Хтосьці з нас ужо ўмее катацца, мы вось першы раз на лыжах. Хочацца пазітыву, добрага настрою і галоўнае - здароўя".

І калі навагоднія выхадныя падыходзяць да канца, то Раство толькі набліжаецца. Праграма для аматараў актыўнага адпачынку ўжо гатовая.

Мікіта Ярошчык, маркетолаг Рэспубліканскага гарналыжнага цэнтра "Сілічы": "Плануем адкрыць начныя катанні. Гэта будуць тэматычныя начныя катанні. Будуць праходзіць яны ў нас у ноч з пятніцы на суботу. Збіраемся зрабіць вельмі цікавую праграму".

А пакуль актыўнічаюць з навагоднім акцэнтам і ў межах горада.  

Не толькі адпачываць, але нават зарабіць у навагоднія выхадныя прапануе адзін з музеяў у Магілёве. Любы ахвотнік можа прынесці сюды цацку, зробленую сваімі рукамі, і прадаць яе.

А вось у Гродне святочную атмасферу ўжо па традыцыі ствараюць лялькі. На навагодні спектакль сюды прыязджаюць цэлымі сем'ямі.

А ў Мінску ў падарожжа да Дзеда Мароза можна адправіцца на навагоднім экспрэсе. Святочны цягнік разам з казачнымі персанажамі штодня  курсіруе па сталічнай дзіцячай чыгунцы. У Батанічным  садзе сталіцы для самых маленькіх адкрыты навагоднія майстар-класы.

Для самых маленькіх беларусаў толькі ў сталіцы ў гэтыя святочныя выхадныя прайшлі дзясяткі дзіцячых свят. І яны працягваюцца. Мабыць, самыя яркія перформансы для малых у Мінску штодня праходзяць у Верхнім горадзе. Тут адразу некалькі навагодніх праектаў для самых маленькіх   прадоўжацца яшчэ да 5 студзеня.