Навагодні шопінг на выставе-кірмашы Млын

21 декабря 2013
Праходзіць яна ў сталіцы адзін раз на год і збірае тысячы аматараў хэнд-мэйд. Кераміка, аўтарская лялька, батык і дызайнерскія ўпрыгажэнні - Марына Мураўёва прайшлася па выставачным павільёне.


Гэтае свята хэнд-мэйд складана абысці за гадзіну. Што ні тавар - аўтарская работа. Гандлёвыя рады выставы-кірмашу Млын збіраюць мінчан раз на год і заўсёды аншлаг.

Такога эксклюзіву не ўбачыш у супермаркетах або на рынках. Мыла ручной работы з пахам мандарынаў і ігліцы. Карціны з лямцу, мастацкая коўка, фларыстыка.

Сімвал наступнага года на кірмашы можна набыць не толькі ў выглядзе сувінераў або лялек. Скакуна на свой густ знойдуць нават аматары салодкага.

Больш за паўтысячы майстроў з Беларусі, Расіі і краін Балтыі з'ехаліся ў сталіцу, каб прадэманстраваць свае аўтарскія тэхнікі. Для многіх Млын - стартавая пляцоўка ў творчым шляху.


Дэбютанты на кірмашы - калекцыйныя цацкі. Фігуркамі ў стылі стым-панк і кібер-панк Сяргей Драздоў займаецца два гады. Оркаў, гоблінаў і піратаў вырабляе пад заказ. Колькі выйшла такіх герояў з-пад яго рукі, не падлічыць. Мінімальны кошт адной такой фігуркі - амаль 100 долараў. Цану апраўдвае якасць і эксклюзіўнасць работы.

Аўтарскія працы натхняюць на маленькі творчы подзвіг, які можна рэалізаваць прама на выставе. Аматары хэнд-мэйд паўдзельнічаюць у майстар-класах па скрапбукінгу і дэкупажы. Купіць усё неабходнае - фарбы, бісер, паперу і многія іншыя тавары для хобі-творчасці - можна будзе на гандлёвых паліцах кірмашу.