Навагодні "Галоўны эфір" паўстане ў зусім новым амплуа

29 декабря 2017

У рэжыме актыўнага перадсвяточнага чакання і Агенцтва тэленавін. Ужо ў гэтую нядзелю гледачоў першай кнопкі чакае сюрпрыз ад выніковай праграмы. Навагодні "Галоўны эфір" выйшаў за звыклыя контуры. Упершыню праект паўстане ў зусім новым амплуа і адправіць гледачоў у інфармацыйна-мастацкі фільм у апошнія гадзіны перад Новым годам. Са здымачнай пляцоўкі - рэпартаж Вольгі Мядзведзь.

З 6 сотак на гектары здымачных плошчаў. "Галоўны эфір", які набраў вялікую папулярнасць за сваю невялікую гісторыю, уцёк за 40 кіламетраў ад студыі на Макаёнка, каб у святочную ноч падарыць гледачам чароўную навагоднюю атмасферу, як таго патрабуе каляндар. На тыдзень тэлепавільёнам пад адкрытым небам стала ўтульная сядзіба ў Дзяржынскім раёне.

Толькі ў эксклюзіўным "Галоўным эфіры" гледачы даведаюцца, якія танцы любіць Міністр абароны Андрэй Раўкоў, чаму зорку беларускага тэніса Аляксандру Сасновіч у дзяцінстве баяліся хлапчукі. А музычны сюрпрыз падорыць і народны артыст Анатоль Ярмоленка, і Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч. Уявіце, якую працу зрабілі не толькі тэлевізіёншчыкі, але і ВІПы, якія для сваіх нестандартных святочных амплуа знайшлі час у пераднавагоднім рабочым графіку.

Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі:

"Да нас сюды з задавальненнем едуць і члены ўрада, і спартсмены, музыканты. З вялікім задавальненнем, таму што яны таксама хочуць быць на галоўным тэлеканале і павіншаваць у гэтую чароўную ноч нашых грамадзян з Новым годам".

Іван Эйсмант, намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі:

"Галоўнае, што будзе адрозніваць гэты "Галоўны эфір" ад тых, што мы прывыклі бачыць… Усё ж людзі хочуць навагодняга настрою, яны хочуць навагодняй карцінкі, навагодняй музыкі. Мы ўсё гэта дадзім. Ну і пытанні нават самым сур'ёзным людзям, якія прыедуць да нас у госці, мы будзем задаваць не самыя сур'ёзныя. Мы будзем задаваць напаўнавагоднія або навагоднія пытанні".

Сяргей Гусачэнка, галоўны дырэктар Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі:

"У хатняй абстаноўцы, як вы бачыце, у хатнім адзенні, без строгіх касцюмаў, без кашуль, без гальштукаў мы падводзім вынікі года і гаворым з тымі людзьмі, якія нас у годзе бягучым здзіўлялі, радавалі. Словам, прыносілі нам інфармацыйныя падставы".

Упершыню ў атмасферным спецвыпуску сустрэнуцца адразу ўсе вядучыя "Галоўнага эфіру". Пакуль Іван Эйсмант, Вікторыя Сянкевіч, Сяргей Гусачэнка і Юлія Пярцова занятыя пераднавагоднімі клопатамі, Максім Угляніца і Паліна Шуба па дарозе ў сядзібу затрымліваюцца ў захапляльнай навагодняй авантуры.

Праз гастрольны загарадны фармат пройдзе не толькі летапіс людскіх дасягненняў, але і топ-ліст інавацый і айчынных вынаходак.

Тэлестудыя пад адкрытым небам падзелена адначасова на дзве, тры здымачныя пляцоўкі. На кожнай працуюць больш за дзясятак тэлевізіёншчыкаў і гасцей навагодняга спецвыпуску. Здымачныя дні, ночы, а часам і суткі праходзяць пры сапраўдным зімовым надвор'і і мінусавай тэмпературы паветра.

Па часова змененай прапісцы з Макаёнка, 9 у Шышкі супрацоўнікі АТН прывезлі практычна ўвесь перадавы тэхнічны запас. Атмасферныя навагоднія планы фіксавалі адразу шэсць камер: вялікі і малы краны, стадзікам і іншыя. Прафесійнае тэлевізійнае святло засланілі навагоднія гірлянды і святлодыёдныя кампазіцыі. На выпадак непагадзі ў гурбах замаскіравалі снегавую гармату, а на фінал падрыхтавалі маляўнічы выбух. І, вядома, галоўная інтрыга, хто ж схаваўся за барадой галоўнаэфірнага Дзеда Мароза? Глядзіце 31 снежня ў 21:00 на "Беларусь 1".