Навагоднія падарункі ад Прэзідэнта сёння атрымалі юныя пацыенты ў Брэсце

5 января 2018

Навагоднія падарункі ад Прэзідэнта сёння атрымалі і юныя пацыенты Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы. Амаль 300 дзяцей з розных куткоў рэгіёна, якія ў святочныя дні апынуліся ў бальнічных палатах, не засталіся без увагі. З пажаданнямі хутчэй паправіцца ім падарылі прысмакі і мяккія цацкі - сімвал цяперашняга года.

Саладосці, канструктары і развіваючыя гульні прымалі сёння выхаванцы адразу некалькіх навучальных устаноў Магілёўскай вобласці. У тым ліку Шклоўскай спецшколы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку. Тут на навучанні і лячэнні знаходзяцца 88 чалавек не толькі з усходняга рэгіёна, але і Віцебскай вобласці. Сёння ўсе яны зноў загадвалі жаданне ля ёлкі і дзяліліся марамі.

Падарункі ад Кіраўніка дзяржавы атрымалі і выхаванцы дома дзіцяці і Магілёўскай абласной бальніцы. Місію выканала галоўны санітарны ўрач краіны Наталля Жукава. Падарунак атрымаў і горад: сёння ў Магілёве адкрылася сучасная лабараторыя для даследавання харчовых прадуктаў. Праект распрацаваны з улікам тэхнічных нарматыўных патрабаванняў Еўрасаюза і Еўразійскага эканамічнага саюза. Што дазволіць аргументавана выключаць прэтэнзіі з іх боку да якасці беларускай прадукцыі.