Навагоднія песні гучаць у казачнай рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў Полацку

29 декабря 2015

У Полацку спецыяльна да навагодніх святаў адкрыўся сапраўдны маёнтак Дзеда Мароза. Па цуды сюды едуць малыя і дарослыя з усёй Беларусі. Графік у зімовага чараўніка распісаны па хвілінах. А ўсё таму, што тут спаўняюцца жаданні. Падрабязнасці - у Марыны Раманоўскай.

Дзед Мароз і Снягурка сустракаюць гасцей ля варот рэзідэнцыі. Графік у галоўных навагодніх персанажаў распісаны літаральна па хвілінах. Па цуд сюды прыязджаюць сотні дзяцей і дарослых. Госці ў асноўным з Беларусі.

Шматлюдна ў рэзідэнцыі да самага вечара. Навагодняя праграма разлічаная на дзяцей усіх узростаў. Конкурсы, гульні і віктарыны праходзяць не толькі ў самой рэзідэнцыі, але і ў лесе. Свае выпрабаванні прапануюць прайсці казачныя лясныя насельнікі. Самым маленькім дапамагае справіцца каза - сімвал адыходзячага года.

За кожную песню або верш салодкі прыз. Да Дзеда Мароза цэлая чарга дзяцей. Дарэчы, падарункі да Новага года тут можна зрабіць і сваімі рукамі. Падчас майстар-класа галоўнае падключыць фантазію.

Штодня полацкія Дзед Мароз і Снягурка атрымліваюць вялізную колькасць лістоў. Пажаданні самыя розныя. І трэба паспець выканаць усе.

У Дзеда Мароза і Снягуркі ў загараднай рэзідэнцыі шмат памочнікаў. Гэтыя трусы чароўныя. Сцяпаша і Філя выконваюць самыя патаемныя жаданні. Але ёсць абавязковая ўмова: у цуд трэба шчыра верыць.