Навагоднія матывы - у керамічных вырабах

11 декабря 2019
Каб выбраць годны і арыгінальны падарунак да Новага года, трэба праявіць фантазію, страціць шмат часу у супермаркетах і ўніверсальных магазінах. Асаблівы падыход да падарункаў прапануе Ларыса Гулякевіч.

Час набываць калядныя і навагоднія падарункі. Самыя дарагія сэрцу - зробленыя сваімі рукамі, а самыя карысныя і арыгінальныя можна набыць тут - у прыватнай майстэрні.

Вольга Угрыновіч – мастак-кераміст з творчай сям'і. Працягвае традыцыі сваіх бацькоў. Таму адказнасць вялікая за імя, справу і вынік. Цёплая кераміка з адбіткам жывых раслін - лепшы падарунак на любое свята. А да Новага года і Раства тут прапануюць новыя калекцыі: анёлы, вінтажныя - Дзед Мароз і Снягурка, і сімвал будучага года - пацукі. 

Сама ідэя - мышаня на кавалку сыру -  належыць дызайнеру беларускага фарфоравага завода Мікалаю Міхалапу, які ў пасляваенныя гады прыдумаў гэты сімвал дабрабыту і дастатку. Вольга Угрыновіч дапрацавала яго, надала сучасныя рысы і стварыла арыгінальны вобраз сімвала 2020 года. 

Бацька Вольгі Уладзімір Угрыновіч цікавіўся керамікай і археалогіяй, ведаў беларускую ганчарную справу, але перш за ўсё быў выдатным педагогам. Маці сваё мастацкае прызначэнне знайшла ў справе мастака-мадэльера. Працягваць сямейную справу Вольга вырашыла па-новаму, а ў сучасным падыходзе да народных традыцый і сямейнага майстэрства ёй дапамагае дачка Агнета. Тут, у фамільнай цёплай творчай майстэрні перад Новым годам для усіх ахвочых праводзяць майстар-класы па роспісе фарфору.  Так нараджаюцца падарункі, зробленыя рукамі і душой у самым сэрцы Мінска. Сучасны погляд на аўтэнтычныя беларускія традыцыі.