Новы будынак каледжа бізнесу і права ўрачыста адкрылі ў сталіцы

31 марта 2017

Ён размясціўся ў мікрараёне Каменная Горка. Ва ўстанове рыхтуюць будучых бухгалтараў, прадпрымальнікаў і прававедаў. Аляксей Кандраценка пабываў на адкрыцці.

За апошні час на карце Фрунзенскага раёна перыядычна адкрываліся новыя магазіны, школы і дзіцячыя сады. І тут тон, вядома, задае мікрараён Каменная Горка. І вось не зусім звыклы аб'ект - новы будынак каледжа бізнесу і права размясціўся па вуліцы Калеснікава.

Доўгі час у гэтай установы не было свайго «роднага даху» - каледж арандаваў памяшканні. Зрэшты, на якасць адукацыі гэта ніяк не ўплывала. Тут рыхтуюць навучэнцаў па шасці спецыяльнасцях. Сярод іх - такія запатрабаваныя, як бухгалтарскі ўлік, банкаўская справа або камерцыйная дзейнасць.

Юрый Макарэвіч, дырэктар каледжа бізнесу і права: "З другога курсу, з 16 гадоў, яны ўжо акунаюцца ў практычную дзейнасць. Па спецыяльнасці "камерцыйная дзейнасць" яны атрымліваюць працоўную прафесію - прадавец, па спецыяльнасці "праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій" - гэта аператар ЭВМ 5 разраду. Гэта значыць, прапановы пашыраюцца".

Сучасныя падыходы ў навучанні, у тым ліку з прымяненнем сваіх камп'ютарных распрацовак - плюс камфортныя аўдыторыі. Кіраўніцтва горада ўпэўненае: каледж - трывалая платформа для прафесійнага старту.

Уладзімір Карпяк, памочнік Прэзідэнта Беларусі - галоўны інспектар па г. Мінску: "Хтосьці будзе тут вучыцца для таго, каб атрымаць першую ступень, і ў далейшым паступаць у такія прэстыжныя вну, як БДУІР, БДУ".

Работа каледжа бізнесу і права ў цэлым актывізуе і жыццё Фрунзенскага раёна. Менавіта тут усе шанцы на першае працаўладкаванне.

Арцём Цуран, кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна г. Мінска: "Што датычыцца Каменнай Горкі, то яна будзе развівацца з рэалізацыяй шэрагу інвестпраектаў. Гэта аб'екты гандлёва-забаўляльнага, бытавога комплексу. Зразумела, што спецыяльнасці, па якіх рыхтуюць у каледжы, будуць запатрабаваныя. Прычым у крокавай даступнасці ад жылля. Гэта значыць - людзі, дзе атрымліваюць адукацыю, там і ідуць на працу".

Такім чынам зусім хутка першы выпуск абноўленага каледжа. А ўжо ў верасні яшчэ адна прэм'ера. Тыя, хто сюды паступіць сёлета, напэўна, будуць вучыцца з двайным энтузіязмам. Бо родныя сцены заўсёды дапамагаюць.