Новае ўзбраенне айчыннай вытворчасці будзе прадэманстравана 9 мая

30 января 2015

А вось ад поспеху гэтых прадпрыемстваў шмат у чым залежыць уся нацыянальная бяспека. Новае ўзбраенне айчыннай вытворчасці будзе прадэманстравана ўжо 9 мая. Як раз да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Аб гэтым расказалі сёння ў Дзяржваенпраме.

Аб стальных вартавых з беларускім пашпартам - Уладзімір Каралёў. Па выніках 2014 года Мінскі завод колавых цягачоў прызнаны лепшай арганізацыяй ваеннай прамысловасці. Гонар прадпрыемства - шматтонныя аўтамабілі "Волат". 80% усёй прадукцыі рэалізуецца за межамі Беларусі. На базе беларускіх "Волатаў" сёння ездзяць ракетныя комплексы "Іскандэр", "Баль" і "Бастыён", а таксама іншыя сістэмы ўзбраенняў. Адна з новых распрацовак прадпрыемства - аўтамабілі "МЗКТ-5002" (Застава) і "МЗКТ-6001".

Уладзімір Грынеўскі, начальнік бюро па рэкламе і PR ААТ "МЗКТ": "Мы выпускаем шасі. Трэба адзначыць, што вытворцы абсталявання і сістэм узбраення, якія выкарыстоўваюць нашы шасі, пастаўляюць дадзеную прадукцыю больш чым у 150 краін свету. Шмат у чым гэта звязана з тым, што вытворцы прадаюць гатовыя вырабы, у якіх выкарыстоўваюцца нашы шасі".

Найважнейшыя інавацыйныя праекты найбліжэйшага часу - стварэнне шматфункцыянальных беспілотнікаў. Ужо распрацаваныя і прайшлі выпрабаванні 100-кіламетровыя апараты "БАК-100", тактычныя лятальныя апараты "Беркут 1" блізкага дзеяння і малой далёкасці "Беркут 2". Зусім хутка іх выпрабуюць нашы ваенныя. Нацыянальная сістэма спадарожнікавай сувязі і вяшчання - беларуска-кітайскі праект павінен быць гатовы ў сакавіку - красавіку 2016-га. А ўжо 9 мая гэтага года ў Беларусі будзе прадэманстраваная новая зброя.

Аб неабходнасці стварэння айчыннага ўзбраення Кіраўнік дзяржавы гаварыў яшчэ ў красавіку мінулага года падчас наведвання авіярамонтнага завода ў Баранавічах. А напярэдадні падчас адкрытага дыялогу з журналістамі Аляксандр Лукашэнка распавёў аб завяршальнай стадыі стварэння першых узораў. З нараджэннем такога віду ўзбраенняў у Беларусі пачнецца новая эра ваеннай прамысловасці.

Сяргей Гурулёў, старшыня Дзяржваенпрама Рэспублікі Беларусь: "Мы павінны прапаноўваць не ўзоры, а комплексы. Яны дазволяць павысіць баявы патэнцыял узброеных сіл і адысці ад тых узбраенняў, якія проста грошы забіраюць, а эфектыўнасць ад іх мінімальная. Трэба пераходзіць на іншы від - электроніку і ІТ-тэхналогіі".

Сёння экспарт усяго абароннага сектара эканомікі Беларусі - амаль мільярд долараў. Сёлета Міністэрства абароны распрацуе новы план праграмы развіцця ваеннай прамысловасці на пяць гадоў, у які будуць уключаныя самыя перадавыя ваенныя тэхналогіі гэтага дня.