Новая пастанова ўрада абароніць беларусаў ад дакучлівай смс-рассылкі

14 июля 2017

Абараніць беларускіх абанентаў сувязі ад дакучлівай смс-рассылкі, якая стала бічом у сферы рэкламы, дапаможа новая пастанова ўрада.

Паводле дакумента, у раней дзеючыя правілы аказання паслуг электрасувязі ўносяцца шэраг дадаткаў і змяненняў. Зараз аператару для аказання новых паслуг (у тым ліку бясплатных) або правядзення смс-рассылкі, трэба будзе атрымаць згоду абанента. Для гэтага, апроч стандартнай дамовы, абанент і аператар павінны скласці дадатковае пагадненне. Раней парадак падавання такіх паслуг устанаўліваўся аператарам толькі ў адпаведнасці з дамовай.

Дзмітрый Шадко, першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі:

"Сама па сабе смс-рэклама не забароненая. Але чалавек зараз можа сказаць, што вось гэтую рэкламу я атрымліваць не жадаю і накіраваць адпаведную заяву аператару. У выглядзе анлайн-формы або ў выглядзе пісьмовай заявы. Але пры гэтым адразу жадаю вам сказаць, што гэта не датычыцца паведамленняў уласна аператара, які працуе з вамі ў рамках дамовы. Г. з. аператар мае права накіроўваць вам паведамленні, у тым ліку ў выглядзе смс-апавяшчэнняў. І другое - гэта не датычыцца тых рассылак, якія ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам. Напрыклад, апавяшчэнні аб надзвычайных сітуацыях або іншая дзяржінфармацыя, якая не з'яўляецца рэкламай і на якую патрабаванне гэтага пункта правілаў не будзе распаўсюджвацца".

Акрамя таго, зараз абанент убачыць нумар тэлефона, з якога адпраўленыя непажаданыя смс-паведамленні. І пры неабходнасці пакажа аператару сувязі кантакты, якія трэба заблакіраваць. Мабільны аператар абавязаны гэта зрабіць бясплатна. Пастанова ўступіць у сілу ў кастрычніку гэтага года.