Новае дыханне і зноў радасць жыцця

26 мая 2017

Беларускія кардыяхірургі ўпершыню правялі перасадку лёгкіх з прыроджанай паталогіяй лёгачных артэрый. Аперацыя доўжылася 8 гадзін, а донарскі орган везлі верталётам з Віцебска. Пацыентцы 37 гадоў, яна чакала свае новыя лёгкія 3 гады. Але зараз пасля паспяховай аперацыі, паводле слоў урачоў, яе жыццю нішто не пагражае. Таццяна Кароль прадоўжыць.

3 гады ў барацьбе за жыццё і 8 гадзін на аперацыйным стале. А пасля магчымасць зрабіць свой першы ўдых новымі лёгкімі.

Толькі дзякуючы трансплантацыі Таццяна Каваленка два тыдні таму ў прамым сэнсе з удыхам пачала зноў адлік дзён - ужо без хваробы.

Прыроджаная паталогія лёгачных артэрый. Калі хвароба стала прагрэсіраваць, Таццяну паставілі ў ліст чакання на перасадку лёгкіх. Дыягназ рэдкі і практычна неаперабельны з-за высокай рызыкі набыць вірусныя хваробы ўжо пасля аперацыі. Але ў гэтым выпадку ўрачы ўжо прагназуюць поспех.

Беларускія кардыяхірургі на чале з прафесарам Юрыем Астроўскім правялі такую трансплантацыю ўпершыню.

Пакуль урачы выдалялі хворае лёгкае і прышывалі новае, працу арганізма падтрымліваў апарат штучнага кровазвароту. А пасля перасадкі, як у сімфанічным аркестры, галоўную партыю ў сваім рытме выконвае новы орган.

Штодня ў РНПЦ кардыялогіі праводзіцца каля 8 аперацый. У год гэта лічба набліжаецца да 600. Прычым па магчымасць набыць другі дзень нараджэння да нас едуць пацыенты з Ізраіля, Расіі, Украіны, Азербайджана. Дарэчы, у 2016 медыцынскі экспарт гэтага цэнтра перавысіў паўтара мільёна долараў.

Але галоўнае не гэтыя лічбы, а тое, што дзякуючы рукам беларускіх майстроў скальпеля да жыцця вярнуліся тысячы людзей па ўсім свеце. І ў іх сем'ях малышы могуць сказаць слова "тата" або "мама". Таццяна Каваленка вернецца дахаты да сваіх дзяцей ужо праз некалькі дзён.