Новая тэхналогія пракладкі трамвайных пуцей у сталіцы

19 августа 2015

Транспартныя службы да 1 верасня завершаць работы па абнаўленні трамвайнага палатна на ўчастку па вуліцы Казлова . Зараз там укладваюць новы асфальт і устанаўліваюць прыпыначны пункт. Што заменіць драўляныя шпалы? На месца рэканструкцыі адправілася і мая калега Надзея Сербіненка.

Даўжыня ўчастку трамвайных пуцей, на якім вядзецца рэканструкцыя, тысяча сто метраў. Аднаўленне пачалося ў красавіку, і каб паспець у тэрмін - да 1 верасня, работнікі “Мінсктранса” працуюць кругласутачна. Пры гэтым выкарыстоўваюць вопыт чэшскіх калег. Новая тэхналогія ўкладкі рэек патрабуе максімальнай мабілізацыі.

У адрозненне ад старой методыкі, дзе паміж рэйкамі былі драўляныя шпалы, зараз 20-метровыя металічныя рэйкі мацуюць на эластычны клей. Такая кладка дазваляе павялічыць тэрмін эксплуатацыі палатна ў шэсць разоў - з 5 гадоў да 30.

Самы складаны этап мадэрнізацыі трамвайных пуцей - замена ўсіх інжынерных сетак. Пад трамвайнымі рэйкамі - вадаправодныя трубы, электрычныя камунікацыі, якія цалкам замянілі. Зараз засталося толькі ўкласці новы асфальт і ўстанавіць прыпыначны пункт.

Тут , на перакрыжаванні вуліц Платонава і Казлова, - апошні ўчастак, які трэба завяршыць. У найбліжэйшыя дні паміж гэтымі рэйкамі зальюць бетон. І ўжо 1 верасня па гэтых пуцях праедзе першы трамвай.

Нягледзячы на хуткія тэмпы рэканструкцыі пуцей, трамвайны рух да чыгуначнага вакзала адновіцца не раней чым у 2017 годзе - толькі пасля завяршэння будаўніцтва адпаведнага ўчастка трэцяй веткі метро. Наступны ўчастак трамвайных пуцей, які будзе адноўлены, ад вуліцы Захарава да кальца на Мяснікова.