Новая школа мастацтваў адкрыецца ў гарадскім пасёлку Ушачы

6 июня 2020
Гэта дазволіць праводзіць заняткі ў камфортным умовах, арганізоўваць канцэрты, запрашаць на выступленні гледачоў. З’явіцца магчымасць лепш рыхтавацца да конкурсаў. Дарэчы, кожны навучальны год дзеці прывозяць у райцэнтр дыпломы з абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. 

Марына Раманоўская раскажа больш падрабязна. Сямігадовая Аня Коршун любіць сальфеджыа і хоча навучыцца віртуозна іграць на піяніна. У дзённіку вучаніцы харавога аддзялення - дзявяткі і дзясяткі. Усяго музыкай, танцамі, выяўленчым мастацтвам тут займаюцца больш за 350 дзяцей - з райцэнтра і навакольных вёсак. 

У наступным навучальным годзе заняткі будуць праходзіць у новай школе. Старая двухпавярховая пабудова не дазваляла разгуляцца выкладчыкам і вучням. Напрыклад, залу харэаграфіі даводзілася арандаваць у мясцовай арганізацыі, а аб адкрыцці новых аддзяленняў з-за недахопу плошчаў гаворкі не ішло. 

Прасторнае фае, кабінеты, аркестравыя і харавыя класы - доўгачаканы для райцэнтра аб'ект гатовы на 70 працэнтаў. Зараз шмат людзей працуе на добраўпарадкаванні тэрыторыі.  Да навучальнага года на тэрыторыі высадзяць кветкі, пабудуюць дарожкі. Па суседстве - сярэдняя школа. А гэта вельмі зручна для дзяцей і іх бацькоў. 

Асноўны этап рэканструкцыі праведзены. У найбліжэйшы час для школы мастацтваў закупяць мэблю, абсталяванне і музычныя інструменты, за лета завершаць рамонт фасада і ўнутраныя работы. Не будзе пуставаць i былы будынак. Пасля рамонту ў ім размесціцца бібліятэка.  Адкрыццё новай школы адзначаць канцэртам. У хору і аркестра з’явіцца магчымасць выступіць у поўны голас.