Новая школа № 56 сёння адкрылася ў мікрараёне Каменная Горка

30 марта 2015

Нягледзячы на апошнюю чвэрць заняткі пачаліся згодна з раскладам - а 8-й гадзіне раніцы. Фрунзенскі раён - самы густанаселенны, таму новая навучальная установа, разлічаная на тысячу школьнікаў, часткова здымае напружанасць.

Антаніна Станкевіч пабывала на першых уроках.

Новая школа ўражвае памерамі: чатыры паверхі плюс цокальны, які таксама амаль цалкам выкарыстоўваюць. Новая навучальная ўстанова сёння прыняла першых вучняў - гэта 950 чалавек. Яшчэ 70 школьнікаў змогуць далучыцца ў найбліжэйшыя дні.

Вучэбны працэс тут пачалі, не чакаючы 1 верасня, прама з пачатку чацвёртай чвэрці. З улікам спецыфікі мікрараёна Каменная Горка новая навучальная установа - проста жыццёвая неабходнасць. Адных толькі першых класаў тут дванаццаць.

У 1 “В” заняткі сёння пачаліся згодна з раскладам - а 8-й гадзіне раніцы. Тэма ўрока - наваселле. Трэба вырашыць шэраг арганізацыйных пытанняў. Але гэта ўжо работа, хутчэй, для дарослых - першакласнікам і так ўсё падабаецца. Новая мэбля, зручныя парты і персанальныя шафы - дзецям больш не давядзецца кожны дзень насіць цяжкія партфелі.

У сталовай з раніцы кіпіць работа. З нагоды наваселля шэф-повар паспрабавала здзівіць дзяцей чым-небудзь асабліва смачным. Але і ў наступныя дні абяцаюць меню зрабіць яшчэ і збалансаваным.

У новай навучальнай установе ўсё прадугледжана для паўнавартаснага навучальнага працэсу: вялікія спартыўныя і трэнажорныя залы, клас інфарматыкі, а праз хуткі час запрацуе басейн. Наведваць яго змогуць і жыхары мікрараёна ўвечары. Акцэнт - і на дадатковых гуртах і секцыях .

Новая школа значна разгружае мікрараён Каменная Горка, у будучыні тут павінна з’явіцца яшчэ адна навучальная ўстанова. А вось ў мікрараёне Лебядзіны новая школа адкрыецца ўжо ў верасні.