Новая праграма па падтрымцы адораных юнакоў і дзяўчат

3 мая 2014

Сіняя птушка ўзяла пад крыло пецярых студэнтаў. Сацыяльна арыентаваны бізнес у Беларусі запусціў новую праграму па падтрымцы адораных юнакоў і дзяўчат. Гэта сумесны праект аднаго з беларускіх камерцыйных банкаў і Беларускага саюза жанчын. Пачынаючы з мая, пяць першакурснікаў адразу некалькіх ВНУ - БДУ, тэхналагічнага, універсітэта культуры і мастацтваў, а таксама Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова - у дадатак да стыпендыі будуць кожны месяц атрымліваць больш за паўтара мільёна рублёў.


Сацыяльна арыентаваны бізнес прадоўжыць дапамагаць гэтым студэнтам на працягу ўсяго тэрміну навучання. Галоўныя патрабаванні - сярэдні бал па выніках кожнай сесіі павінен быць не менш за 8, плюс актыўны ўдзел у навуковым і грамадскім жыцці. У верасні стаць новымі стыпендыятамі змогуць і маладыя людзі, якія паказалі высокія вынікі за час вучобы ў школе.