Новая методыка лячэння захворванняў сэрца

27 ноября 2013

Майстэрства беларускіх хірургаў плюс сучаснае абсталяванне - і нават у самых складаных выпадках узрост пацыента ідзе на другі план. У мінскай бальніцы хуткай дапамогі распавялі пра першыя вынікі ўкаранення абсалютна новай методыкі лячэння захворванняў сэрца. Да прыкладу, інфаркт міякарда зараз лечыцца ўсяго за пару гадзін без аперацыі і пад мясцовым наркозам.


Пры гэтым наш карэспандэнт Улада Карніцкая высветліла, што самай пажылой пацыентцы кардыялагічнага аддзялення споўнілася 100 гадоў.


Кацярыне Логінавай 84 гады. Гаворыць, што свае 85 сапраўды прыйдзе адзначаць да ўрачоў мінскай бальніцы хуткай дапамогі. Бо два тыдні таму - гаворыць пацыентка - яны выратавалі ёй жыццё.


Аперацыі на сэрцы не спатрэбілася - востры прыступ інфаркту хірургі знялі пад мясцовым наркозам і ўсяго за пару гадзін. А ўсё дзякуючы новай інтэрвенцыйнай методыцы лячэння, якую, як высветлілася, пакуль асвоілі далёка не ва ўсіх краінах свету.


Аляксандр Бейманаў, загадчык рэнтгенаперацыйнага аддзялення эндаваскулярной хірургіі, ангіяграфічнага кабінета ўстановы аховы здароўя Гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі Мінска: Інтэрвенцыйныя методыкі з'яўляюцца залатым стандартам вострага інфаркту міякарда. Калі параўноўваць тромбалізіс і нашы інтэрвенцыйныя методыкі, то эфектыўнасць інтэрвенцыйных методык у тры разы вышэйшая.


Майстэрства беларускіх хірургаў плюс сучаснае абсталяванне - вось і ўсё, што трэба для правядзення падобных аперацый. Прычым, узрост пацыента ў такіх выпадках не з'яўляецца вызначальным фактарам. Хутчэй, наадварот, аперуюць тут часцей людзей пажылых, а часам і зусім абнаўляюць сэрца сапраўды доўгажыхарам. Самай старэйшай пацыентцы 100 гадоў. Яна паступіла ў бальніцу хуткай дапамогі з інфарктам міякарда. І ўжо праз 2 тыдні пацыентка была дома.


Толькі сёлета ўрачы сталічнай бальніцы хуткай дапамогі правялі амаль паўтысячы такіх аперацый на сэрцы. І гэта ўжо прыкладна на трэць больш чым у 2012-м. Аднак гаварыць аб тым, што такое сучаснае лячэнне даступнае толькі жыхарам сталіцы, будзе няправільна. З дапамогай ангіяпластыкі з інфарктамі міякарда сёння паспяхова змагаюцца ўрачы і ў рэгіёнах Беларусі.