Новая канцэпцыя развіцця беларускай тэарэтычнай навукі

24 декабря 2013
Новая канцэпцыя развіцця беларускай тэарэтычнай навукі будзе распрацаваная ў наступным годзе. Пра гэта сёння журналістам паведаміў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў. Пасяджэнне беларускіх навукоўцаў прымеркавана да 85-годдзя Акадэміі. Галоўныя тэмы форума: наколькі эфектыўна сёння ўзаемадзейнічаюць тэарэтычная і практычная навукі, і як гэтае супрацоўніцтва ператварыць у сапраўды плённае.

Уладзімір Гусакоў, старшыня Прэзідыума НАН Беларусі: Акадэмія навук павінна прапанаваць прынцыпова новыя шляхі развіцця эканомікі. А без фундаментальнай навукі гэта зрабіць практычна немагчыма. У гэтай сувязі мы зараз паставілі задачу распрацаваць прынцыпова новыя падыходы, стратэгіі развіцця фундаментальных даследаванняў.

Мікалай Казак, акадэмік, загадчык лабараторыі ДНУ Інстытут фізікі імя Б.І.Сцяпанава НАН Беларусі: Фундаментальная навука - гэта, скажам, стварэнне сусветнай базы дадзеных або звестак пра новыя заканамернасці, з'явы, уласцівасці матэрыялаў, пра новыя прынцыпы стварэння тэхналогій і абсталяванняў. Гэта ствараецца такая сусветная база, з якой могуць чэрпаць усе і для розных мэт: для працягу, для развіцця тых жа фундаментальных даследаванняў.

Таксама сёння на форуме былі названыя асноўныя кірункі развіцця беларускай навукі на 2014 год. У прыярытэце - бія-, нана-, касмічныя тэхналогіі і машынабудаванне.