Непрыемныя наступствы летняга адпачынку

11 августа 2015

У зводках Асвода, ратавальнікаў і медыкаў  негатыўная статыстыка. Паратунку многія людзі шукаюць ля вады і, на жаль,  не заўсёды выконваюць правілы бяспекі. Як вынік – толькі ў Мінскай вобласці за мінулы тыдзень на вадзе загінулі 10 чалавек. Павялічылася колькасць зваротаў і ў медыцынскія ўстановы – траўмы рознай ступені цяжкасці, апёкі і выпадкі перагрэву на сонцы ўрачы фіксуюць штодня.   Надзея Сербіненка прадоўжыць  тэму.

Сёлета тэмпература жніўня б'е рэкорды. У выхадныя дні слупок тэрмометра ў сталіцы перасягнуў адзнаку ў 35,8 градуса – гэта метэаралагічны максімум. Спякота стала прычынай рэзкага павелічэння няшчасных выпадкаў на вадзе. Толькі ў Мінскай вобласці за  мінулы тыдзень патанулі 10 чалавек. Таму на выратавальных станцыях  Асвода  дзяжурствы кругласутачныя.

На кантролі ў мінскага Асвода  самыя праблемныя пляжы. Большасць няшчасных выпадкаў здараецца на Цнянскім вадасховішчы, менш  на Мінскім моры і ў  Драздах. Гарадская станцыя знаходзіцца на Камсамольскім возеры, дзе ў спякотныя дні таксама  шмат людзей. Безумоўна, правілы паводзінаў выконваць павінны ўсе, але тэмпература  плюс 35 – гэта ўжо сур’ёзная небяспека.  

З самай раніцы на гарадскіх пляжах шмат людзей. Гарачае надвор’е становіцца прычынай няшчасных выпадкаў, бо чалавек, які перагрэўся на сонцы, адразу трапляе ў зону рызыкі.

Аб'езды на маторнай лодцы асводаўцы праводзяць пастаянна. Як толькі на пляжах становіцца шматлюдна, парушэнні трэба папярэджваць ледзь не кожную хвіліну. Толькі дзякуючы мінскаму Асводу з вады ўдалося  выратаваць 30 чалавек.

Часцей за астатніх тонуць людзі ў стане алкагольнага ап'янення. Атрымліваюць траўмы тыя, хто нырае ў ваду з забароненых і незнаёмых месцаў, на неабсталяваных пляжах. Асабліва ўважлівымі трэба быць бацькам з дзецьмі. Ратавальнікі ў сваю чаргу зробяць усё магчымае, каб прадухіліць трагедыю або выратаваць чалавека з вады.

У Таварыстве выратавання на вадзе нагадваюць: ныраць з дамбаў, плацін і шлюзаў забаронена. Да таго ж многія азёры і рэчкі зараз абмялелі – узровень вады апусціўся ніжэй за  шматгадовыя мінімумы. Па прагнозах сіноптыкаў, тэмпература ў межах  30 градусаў будзе трымацца да канца гэтага тыдня і знізіцца толькі ў выхадныя. Таму ратавальнікі заклікаюць быць асабліва пільнымі і асцярожнымі.