Нечаканая знаходка ў Брэсце

19 марта 2014

Нечаканая знаходка ў Брэсце: на будпляцоўцы ў цэнтры горада знойдзеныя крыжы з граніту і пясчаніку і надмагільныя пліты. Як высветлілася, у пачатку мінулага стагоддзя на гэтым месцы стаяў дом майстра Фелікса Ярасінскага, які займаўся вырабам помнікаў. У кнізе Памяць згадваецца месца размяшчэння яго майстэрні. Паводле слоў спецыялістаў, крыжы добра захаваліся, нягледзячы на тое, што ў зямлі праляжалі каля стагоддзя.


Ала Кандак, галоўны спецыяліст аддзела культуры Брэсцкага гарвыканкама: Гэтае месца, дзе мы з вамі знаходзімся, гэта ўласны дом Фелікса Ярасінскага, які перад Першай сусветнай вайной эвакуіраваўся, уцёк з Брэста. Помнікі захаваліся вельмі добра, хоць і праляжалі ў зямлі 100 гадоў. Таму яны будуць скарыстаныя для рамонтаў, якія будуць выконвацца на могілках з гістарычнымі помнікамі.


Знойдзеныя пліты з'яўляюцца так званымі нарыхтоўкамі. Падобных знаходак у Брэсце яшчэ не было. У гэтым жа месцы будаўнікі адкапалі гільзу і каску савецкага салдата.