Незвычайны эксперымент праходзіць у Белавежскай пушчы

28 января 2016

У нацыянальным парку беларускія і еўрапейскія навукоўцы дэталёва вывучаюць звычкі і жыццё ваўкоў. У працы выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі - радыёашыйнікі і фотапасткі. Паляванне на шэрага драпежніка на час даследаванняў забаронена, а назіранні дазволяць зразумець усё пра воўка. Вікторыя Патоня ўбачыла першыя вынікі назіранняў за пушчанскімі санітарамі лесу.

Віктар Фянчук, каардынатар праекта па падтрымцы запаведнасці Белавежскай пушчы: "У ашыйніку ёсць маленькі GSM-модуль, гэта значыць маленькі сотавы тэлефон, які збірае каардынаты і з перыядычнасцю раз на дзень гэтыя каардынаты нам пасылае на базавую станцыю ў выглядзе СМС. Гэта значыць мы атрымліваем ад ваўкоў СМС-кі".

Вось ужо тры месяцы эколагі з дапамогай сучасных тэхналогій сочаць за самым буйным драпежнікам пушчанскага лесу. Дзе жыве, якія месцы выбірае для адпачынку, а якія для палявання. У нацыянальным парку сёння налічваецца каля 30 ваўкоў. Але асабліва пільная ўвага вучоных прыкавана да пяці драпежнікаў з радыёашыйнікамі. Паведамленні аб воўчых прагулках праз сетку мабільнага аператара прыходзяць прама на базу. 80 % інфармацыі спецыялісты штодня атрымліваюць не выходзячы з дома.

Віктар Фянчук, каардынатар праекта па падтрымцы запаведнасці Белавежскай пушчы: "Мы ўжо можам дакладна бачыць межы тэрытарыяльныя зграі, мы можам ацэньваць далёкасць перамяшчэння. Бачны, што самкі трымаюцца вельмі лакальна. А самцы, у нас два самцы пазначаны, перамяшчаюцца на вельмі вялікія адлегласці".

Радыёашыйнікі драпежнікі будуць насіць год, пасля чаго той сам у патрэбны момант адшпіліцца. А запісаная на GSM-модуль інфармацыя дазволіць эколагам сабраць звесткі не толькі аб перамяшчэнні, але і даведацца аб актыўнасці звера.

Вывучаць звычкі і назіраць за паводзінамі ваўкоў навукоўцам дапамагаюць і вось такія фотапасткі. У пушчы іх каля 25, усталяваны, як правіла, на звярыных сцежках. Забяспечаны спецыяльнымі датчыкамі, якія рэагуюць на рух і цеплавое поле. Прычым, здымка магчыма як днём, так і ноччу.

Такое дэталёвае даследаванне папуляцыі ваўкоў у Беларусі праводзіцца ўпершыню. Гэта частка Міжнароднай прыродаахоўнай праграмы ў падтрымку запаведнасці, удзельнікі якой - спецыялісты Белавежскай пушчы, арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і Франкфурцкага заалагічнага таварыства. Плюс такіх назіранняў у тым, што звер знаходзіцца ў прыродных умовах і не адчувае праследаванне чалавека.

Даніэль Розенгрэн, прадстаўнік Франкфурцкага заалагічнага таварыства, Германія: "Наша арганізацыя падтрымлівае прыродаахоўныя праекты па ўсім свеце. Пяць гадоў я працаваў у Сірэнгеці ў Афрыцы па праграме вывучэння львоў. Там мы таксама выкарыстоўвалі такія метады: ашыйнікі з GSM-датчыкамі, фотапасткі".

Магчыма, вывучэнне папуляцыі пушчанскіх ваўкоў дазволіць перагледзець адносіны да гэтых драпежнікаў і іх ролю ў экасістэме лесу. Навукоўцы ўжо адкрываюць для сябе цікавыя звесткі. Такім жа спосабам спецыялісты плануюць даследаваць і жыццё чырванакніжнай рысі.