Новыя паркавыя скульптуры з натуральнага каменя - падарунак ад майстроў Беларускага саюза мастакоў. Яны працуюць у прамысловай зоне і прама пад адкрытым небам.
З каменнага пленэра - рэпартаж Іны Пілевіч. На вуліцы плюс 30, а ім ні распрануцца, ні прадыхнуць. Камбінезоны з тоўстай тканіны, акуляры, навушнікі і рэспіратары - гэта абавязковыя сродкі аховы скульптараў, якія працуюць з каменем. Бо дыхаць гранітным пылам небяспечна для здароўя. Некаторыя прадметы адзення прыйшлося пазычыць у мастакоў і нашай здымачнай групе.
Неабдымныя і бясформенныя. Іх шукалі на палях і будоўлях Смаргонскай зямлі. У якасці матэрыялу мастакам прапанавалі толькі натуральны камень. Трывалы і даўгавечны граніт здаўна выкарыстоўваецца для ўпрыгажэння палацаў, храмаў, сядзіб і проста інтэр'ераў.
Падняць хаця б адзін з валуноў скульптарам не пад сілу нават гуртам. На дапамогу выклікаюць кран. Дарэчы, вось гэты камень самы цяжкі - важыць прыблізна 10 тон.
Гігант пераўтворыцца ў адпаведнага сваім памерам персанажа - Волата. Пакуль жа ад асілка адколваюць усе лішняе. Усяго атрымаецца 9 паркавых скульптур. З глыб высякаюць Квадрактус, Дрэва жыцця, Перакрыжаванне і нават Млечны шлях.
Пленэр працягласцю 20 дзён арганізавалі да дня нараджэння Смаргоні. Новыя паркавыя скульптуры - падарунак Беларускага саюза мастакоў да 510-годдзя горада. Аналагічныя пленэры ўжо праводзілі для Ашмян і Астраўца.
Фундамент для валуноў ужо заліты прама ў цэнтры Смаргоні. У свет каменныя фігуры выйдуць у асаблівы для усіх жыхароў горада дзень: 28 верасня тут адбудзецца фэст абаранак. Менавіта ў Смаргоні калісьці з заварнога цеста ўпершыню ў свеце спяклі абаранак.














