Недахоп кваліфікаваных спецыялістаў у Шчучынскай раённай бальніцы

21 декабря 2019
У Шчучынскай раённай бальніцы адначасова з масавым тэхнічным перааснашчэннем адчуваецца недахоп кваліфікаваных спецыялістаў. Сучасныя дыягнастычныя апараты, высокатэхналагічныя прыборы патрабуюць і наяўнасці ўрачоў вузкіх спецыяльнасцей. Часткова вырашыць праблему ўдалося дзякуючы перакваліфікацыі ўласных медыкаў. Аднак некалькі вакансій па-ранейшаму застаюцца незапоўненымі. Каб прыцягнуць маладых спецыялістаў, кіраўніцтва клінікі стаўку зрабіла на вырашэнне жыллёвага пытання. Разам з арэнднымі тут прапануюць пабудаваць і ўласныя кватэры. Падрабязнасці ў Юрыя Карняловіча.

Стаматалагічнае аддзяленне Шчучынскай раённай бальніцы па якасці аказання паслуг насельніцтву нічым не ўступае абласным профільным паліклінікам. Новае абсталяванне, новыя падыходы да працы і новыя кірункі дзейнасці. За апошнія месяцы тут асвоілі нават пратэзаванне металакерамікай. Праўда, запіс на такую паслугу расцягнуўся на некалькі тыдняў. Уся справа ў тым, што ў бальніцы не хапае высокакваліфікаваных урачоў-стаматолагаў.

Аляксандр Мілюта, урач-стаматолаг Шчучынскай цэнтральнай раённай бальніцы: "Несмотря на то, что созданы все условия для работы, кадров медицинских, в частности врачей-стоматологов, не хватает. В моем отделении не хватает два врача, должно быть три. Приходится работать одному. В терапевтическом отделении еще четыре доктора должно быть. И соответственно эту всю нагрузку приходится брать тем врачам, которые есть на приеме".

Аналагічныя праблемы з дыягностыкай. Аддзяленню ўсяго два гады, а за гэты час паспелі набыць сучасныя ультрагукавыя апараты, стацыянарныя флюарографы. У раённай бальніцы здольны рабіць поўны комплекс даследаванняў для ранняга выяўлення захворванняў. Аднак, працуюць толькі тры спецыялісты, два месцы застаюцца вакантнымі. Вырашыць праблему спрабуюць перападрыхтоўкай хірургаў.

Кіраўніцтва бальніцы асаблівыя надзеі ўскладае на маладых спецыялістаў, якія прыходзяць па размеркаванні з медыцынскіх ВНУ. Каб замацаваць іх на працоўных месцах, прадугледжаны шматлікія грашовыя выплаты і кампенсацыі, ёсць перспектыва кар’ернага росту.

Такая палітыка ўжо прынесла станоўчыя вынікі. Поўнасцю вырашылася пытанне з ўрачамі афтальмолагамі і хірургамі. Апошнія, дарэчы, нават асвойваюць сумежныя спецыяльнасці.

Праводзяць шчучынскія медыкі і прафарыентацыйную працу сярод мясцовых школьнікаў. Дні адкрытых дзвярэй для вучняў старэйшых класаў сталі з’явай звычайнай. Прычым, урачы не абмяжоўваюцца толькі экскурсіямі, дзеці прысутнічаюць на прыёмах і нават на аперацыях. Як вынік, толькі сёлета выдадзена 15 мэтавых накіраванняў у профільныя навучальныя установы рэгіёна.