Недзіцячыя праблемы дзіцячага сада

12 октября 2017

Недзіцячыя праблемы дзіцячага сада не даюць супакою бацькам у вёсцы Акцябр Жлобінскага раёна. Мясцоваму саду-школе больш як 40 гадоў. І праблемы там таксама старыя – не хапае цацак, мэбля, якая ўжо амаль рарытэт, вокны, якія прагнілі. Зараз тэмпература ў групах пакуль у норме. Але і за акном пакуль плюс. З паніжэннем градуса расце і абурэнне бацькоў. Мясцовыя ўлады сітуацыю крытычнай не лічаць. Таму і перспектывы рамонту, паводле слоў жыхароў вёскі, туманныя. Вольга Халадовіч прадоўжыць.

Гэтыя вокны ў мясцовым дзіцячым садзе - першае, што кідаецца ў вочы. Трухлявыя рамы знадворку, заклееныя знутры. Тэмпературны рэжым адпавядае нормам - 21 градус. А вось адкрыць вокны на праветрыванне, па словах бацькоў, ніхто не рызыкуе - дрэва за больш як 40 гадоў свой век ўжо адслужыла.

Амаль 40 выхаванцаў дзіцячага сада і больш як 80 школьнікаў. Прычым, з кожным годам колькасць дзяцей у вёсцы Акцябр павялічваецца. Адну з груп дашкольнікаў размясцілі ў школе, а сталовую, наадварот, абсталявалі ў дзіцячым садзе. Працэс выхавання і навучання тут імкнуцца зрабіць максімальна эфектыўным. Што датычыцца камфорту, то з гэтым складаней. Бюджэтных сродкаў на ўсё не хапае.

Гэтыя парты - сапраўдны рарытэт – стаяць тут з моманту заснавання школы. Іх, вядома, рамантуюць і фарбуюць. Але па сутнасці ім, хутчэй, месца ў музеі, а не ў класе.

Па словах адміністрацыі школы-сада, за апошнія гады ўдалося зрабіць нямногае - замяніць участак цеплатрасы і адрамантаваць дах. На чарзе дах спартзалы. Матэрыялы ўжо закупленыя, але прыступіць да працы не дазваляе надвор'е. Замена вокнаў таксама ў планах. Але не ў найбліжэйшых.

Мясцовыя чыноўнікі крытычнай сітуацыю не лічаць. Сцвярджаюць, што будынак не аварыйны, а непрывабны выгляд - справа другарадная.

Сяргей Парошын, начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама: "У першую чаргу вырашаюцца тыя ўстановы, дзе існуюць праблемы. І на сённяшні дзень мы, вядома, прыслухаемся і да адміністрацыі, і да бацькоў, і выязджаем на месца - вывучаем сітуацыю і прымаем адпаведныя меры. Па гэтым дзіцсадзе я не бачу такіх глабальных праблем, якія можна было б нават асвятляць у СМІ. Ёсць заўвагі дробныя, іх можна ліквідаваць не тое, што на працягу некалькіх дзён, а некалькіх гадзін".

Калі наступіць гэты час - нашай здымачнай групе не сказалі. Бацькі вераць, што прыйдзе ён раней, чым халады.