Тыдзень лесу стартаваў у рэгіёне

30 марта 2020
Самы маштабны экафлэшмоб "Тыдзень лесу" стартаваў у рэгіёне. Зялёная акцыя штогод аб'ядноўвае не толькі ляснічых, але і людзей розных прафесій, якія ахвотна далучаюцца да азелянення. Так, у Стаўбцоўскім раёне ініцыятыўныя беларусы аднавілі тэрыторыю плошчай  3 гектары. Летась зялёныя насаджэнні тут пашкодзіў караед. Малады лес з соснаў і бяроз  вырасце тут праз дзесяцігоддзе. У гаі можна будзе збіраць грыбы, ягады. Дарэчы, стаўбцоўская зямля багатая на сакавітыя чарніцы і брусніцы. 

На 15 елак стала больш і ў скверы ля Кургана Славы. Алея асаблівая, памятная, прысвечаная Году малой радзімы і 75-годдзю Вялікай Перамогі. Гэтай даце прысвечаны і сам 13-ы рэспубліканскі Тыдзень лесу. Далучыцца да добраахвотнай місіі можа кожны. Інвентар і пасадачны матэрыял выдадуць у лясгасах Мінскай вобласці.