10 апреля 2014
Захаваць пасланне будучым пакаленням. Па Мінскай вобласці крочыць акцыя Тыдзень лесу. Сёлета яна прымеркавана да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У добрай справе - садзіць лес - прынялі ўдзел амаль дзесяць тысяч добраахвотнікаў.

Пяць ялінак пасадзіў і Аляксандр Харавец.

У гадавальніку Бярэзінскага лясгаса на плошчы 27 гектараў штогод вырошчваюцца мільёны ялін і хвой. Амаль 90% саджанцаў леснікі высаджваюць у лясгасах - гэтага цалкам хапае закрыць патрэбы раёна ў лесапасадачным матэрыяле. Астатняя частка адпраўляецца на экспарт.

Сяргей Палякоў - ляснічы Пагосцкага лясніцтва - аднаўленнем лясных угоддзяў займаецца 20-ю вясну запар. За сваё жыццё ён пасадзіў не менш за паўмільёна дрэў. Мужчына прызнаецца, праца нялёгкая, аднак дадае энтузіязму, добрая справа як-ніяк.

Садзіць лес усёй грамадой. Добрую традыцыю, якая існавала ў 30-я гады мінулага стагоддзя, Міністэрства лясной гаспадаркі аднавіла ў 2007. Толькі замест Дня лесу зараз праходзіць тыдзень. Сёлета яго прымеркавалі да 70-годдзя вызвалення Беларусі.

Тэхналогія пасадкі новага лесу не змяняецца на працягу ўжо 130 гадоў. Пры дапамозе вось такога інструмента за дзень можна пасадзіць каля 800 дрэў.

Тыдзень лесу з кожным годам праходзіць усё больш маштабна. Толькі ў Мінскай вобласці сёлета ў акцыі прынялі ўдзел амаль 10 тысяч добраахвотнікаў. У выніку высаджана звыш 12 мільёнаў дрэў.

Праз 10-20 гадоў у новых лясах можна будзе адпачываць, збіраць грыбы і ягады. А рабіць гэта будуць дзеці і ўнукі тых, хто садзіць дрэвы сёння.