Вільготны, з туманам, але цёплы – такім будзе першы тыдзень лістапада. Заўтра і ў сераду сіноптыкі прагназуюць кароткачасовыя дажджы, паветра днём прагрэецца да 7-12 градусаў. Тэмпература ў начныя гадзіны ад 1 да 7 вышэй за нуль. У другой палове тыдня над рэгіёнам будзе панаваць халодны антыцыклон з Балтыкі. У чацвер і пятніцу начная тэмпература апусціцца да мінус 3 градусаў. Днём слупкі тэрмометраў падымуцца да плюс 9.
Дзмітрый Рабаў, начальнік cлужбы Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі: "У суботу месцамі, а ў нядзелю на большай частцы тэрыторыі чакаюцца кароткачасовыя дажджы. І месцамі па краіне, у тым ліку і ў сталічным рэгіёне, чакаецца туман. Тэмпература паветра ноччу ад 0 да плюс 6 градусаў, пры праясненнях да мінус 2. Дзённая тэмпература будзе ў межах ад плюс 4 да плюс 10-12 градусаў".
Згодна з прагнозам сіноптыкаў, лістапад будзе цяплейшым, чым звычайна. Сярэдняя тэмпература паветра будзе вышэйшай за кліматычную норму на 2-3 градусы.













