Тыдзень беларускай кухні стартаваў у Мінску

12 июня 2018

Мачанка, бульбяныя лапуны і бярозавы напой з мёдам. У Мінску стартаваў Тыдзень беларускай кухні. Пакаштаваць краіну на смак прапаноўваюць амаль у васьмідзесяці кафэ і рэстаранах. Розныя па фармаце аб'екты харчавання на гэтым тыдні прапануюць чатыры стравы і адзін напітак, якія шэф-повары прыгатуюць па аднолькавых рэцэптах. Кошт нацыянальнага гастрасэту таксама аднолькавы – 24 рублі.

Наталля Кезік адной з першых прадэгуставала стравы.

Стравы па энцыклапедыях і рэцэптах продкаў. Каб стварыць меню для Тыдня беларускай кухні, шэф-повар рэстарана Кірыл Фёдараў перагартаў нямала старонак з рэцэптамі. У спецыяльнае беларускае меню шукаў стравы як дыетычныя, так і каларыйныя. І не зважаючы на пятнаццацігадовы вопыт працы на кухні, рэцэпты пышных бліноў і духмянай падліўкі Кірыл ўсё роўна знайшоў у бабуліных запісах.

У спецыяльным меню Тыдня беларускай кухні заўсёды толькі нацыянальныя беларускія стравы – дранікі, поліўка, зразы, аладкі. Гастранамічны хіт гэтага тыдня – лапуны. Так повары называюць пышныя бульбяныя піражкі з грыбным соусам.

На гэтым Тыдні беларускай кухні ў сэце страў мачанка, лапуны з грыбным соусам, салата з агародніны і дамашнім тварагом, халаднік і бярозавы напой з мёдам.

Прадэгуставаць спецыяльнае меню ў мінчан і гасцей горада ёсць магчымасць да канца гэтага тыдня. 77 сталічных кафэ і рэстаранаў да наступнага панядзелка прапаноўваюць чатыры стравы, прыгатаваныя па адзіным рэцэпце.

Кошт спецыяльнага меню таксама ва ўсіх кафэ і рэстаранах аднолькавы: 24 рублі за пяць страў. Для сталічных фудкортаў Тыдзень беларускай кухні – гэта і магчымасць разнастаіць сваё меню. Нярэдка беларускія стравы па старадаўніх рэцэптах прыжываюцца, і іх гатуюць пастаянна.

Спіс кафэ і рэстаранаў, дзе зараз дзейнічае спецыяльнае беларускае меню, можна знайсці на сайце ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама. Беларускія стравы па аўтэнтычных рэцэптах можна пакаштаваць да наступнага панядзелка.