Тыдзень беларускай кухні стартаваў сёння ў сталіцы

24 февраля 2020
Каларыту сытнаму і святочнаму масленічнаму тыдню дадасць і тыдзень беларускай кухні, што  стартаваў сёння ў Мінску. Апетытныя сэты падрыхтавалі 33 сталічныя ўстановы. У іх меню  філе рачной стронгі, дранікі-бургеры, паляўнічыя каўбаскі і калдуны. Кошт усіх комплексаў фіксаваны - 20 рублёў. А вось стравы  ўсюды розныя.  З меню азнаёмілася Алена Вітко. 

Дзясяткі самабытных, традыцыйных і аўтарскіх страў аб'яднаў Тыдзень беларускай кухні. Гастранамічны праект падтрымалі  больш за 30 кафэ і рэстаранаў. Раней удзельнікі гатавалі аднолькавыя стравы. На гэты раз  фармат смачнага фестывалю абнавілі. Усіх аб'яднала Масленіца - у меню абавязкова бліны. А вось астатнія стравы – аўтарскія – ад шэф-повараў. 

Хтосьці робіць акцэнт на блінах з рознай начынкай, хтосьці рыхтуе асаблівае аўтарскае меню, а хтосьці здзіўляе падачай традыцыйных беларускіх страў. Напрыклад, як тут. Вось боршч па-беларуску з вэнджанай грудзінкай і гарачая патэльня з курыцай і лісічкамі. 

А яшчэ - бліны з падліўкай з журавін і пятрушнік на бярозавіку.  Такі мега-сэт вагой паўтара кілаграма  распрацаваў шэф-повар Андрэй Сандалаў. У кулінарнай сферы ён працуе больш за 15 гадоў. І ведае: стравы павінны быць простымі і каларытнымі. Таму і гэтым разам  эксперыментуе. Звыклыя стравы  набываюць свежыя гастранамічныя ноты.


Бліны  ў  кожным кулінарным сэце


Тыдзень беларускай кухні супаў з масленічным марафонам, таму бліны ёсць у кожным комплексе. Гарбузовыя наліснікі, шпінатавыя аладкі, тварожныя пампушкі і бургер-дранікі.

Абавязковая ўмова гастранамічнага фестывалю – адзіны кошт. Так і гэты раз. Набыць сэт у розных кафэ і рэстаранах можна за 20 рублёў. 


За лепшы сэт можна прагаласаваць


У сталіцы тыдзень беларускай кухні праходзіць ужо  дваццаць першы раз. Спіс кафэ і рэстаранаў, дзе можна пакаштаваць беларускія стравы, размешчаны на сайце галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама. Дарэчы, там жа ідзе галасаванне за лепшы сэт.