Небывалы ўраджай яблыкаў збіраюць аграрыі і фермеры цэнтральнага рэгіёна

15 сентября 2016

Па прымальнай цане на кірмашах можна будзе набыць і яблыкі. Аграрыі і фермеры Мінскай вобласці кажуць пра небывалы ўраджай сакавітых пладоў. Сёлета плануюць сабраць амаль 30 тысяч тон. Частку паставяць і на экспарт. Беларускія яблыкі запатрабаваныя за мяжой. Каб задаволіць попыт, у вобласці павялічваюцца плошчы яблыневых садоў. Зараз яны займаюць 10 тысяч гектараў. Прычым яблыні выключна айчыннай селекцыі. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць збіраць з дрэва амаль 40 кілаграмаў пладоў. Аляксандр Харавец - пра смак беларускага "антэя" і "поспеху".

Кацярына Кашубская прызнаецца, ад такога ўраджаю яблыкаў мільгаціць у вачах. Аднак збор толькі пачаўся. Зараз штодзень зрывае амаль тону садавіны. Гаворыць, гэта яшчэ далёка не мяжа. Уборку яблыкаў параўноўвае з агранкай алмазаў - такая ж ювелірная праца.

У дапамогу зборшчыкам і сучасная тэхніка. Машына па каскадзе транспарцёраў адпраўляе яблыкі ў кантэйнеры і беражліва іх складвае. За дзень атрымліваецца каля дзесяці тон.

Сёлета ў гаспадарцы "Усход" пад яблыневыя сады адвялі 120 гектараў. "Поспех", "антэй", "весяліна", "вербнае" - усе сарты, а іх больш за 30, айчыннай селекцыі. Дрэвы прыстасаваныя да кліматычных умоў Беларусі і ў першы год даюць ураджай да 10 кілаграмаў.

Садавіна адразу трапляе ў спецыяльныя сховішчы. Сёлета ў Мінскай вобласці плануюць сабраць амаль 30 тысяч тон сакавітых пладоў.

Пастаянны тэмпературны рэжым - плюс 3-4 градусы - і вентыляцыя. Гэта лепшыя ўмовы для захоўвання яблыкаў. У такіх камерах вітамінны прадукт можа праляжаць і да наступнага ўраджаю. Частка айчыннай садавіны адправіцца на экспарт. Паводле слоў спецыялістаў, беларускія яблыкі карыстаюцца попытам не толькі ў Расіі, а нават у Сербіі і Малдове. Цалкам завяршыць уборку садавіны аграрыі плануюць да кастрычніка. Набыць яблыкі па зніжаных цэнах жыхары цэнтральнага рэгіёна могуць на кірмашах. Яны будуць праходзіць да сярэдзіны лістапада ва ўсіх раённых цэнтрах вобласці.