Не заплаціў за камуналку – забудзь пра ўтульную арэндную кватэру

16 июля 2015

У сталіцы па рашэнні суда за шматмільённыя даўгі выселілі злосных неплацельшчыкаў. 4 гады наймальнікі ігнаравалі плацёжкі. Ні просьбы ЖЭСаўцаў, ні афіцыйныя пастановы не пужалі парушальнікаў. У выніку двое беспрацоўных мужчын сёння шукаюць новае жыллё. Ці ёсць магчымасць ізноў засяліцца ў абжытую кватэру - высвятляў Аляксандр Харавец.

Наймальнікі гэтай арэнднай кватэры ў доме па вуліцы Філімонава сумна вядомыя камунальнікам больш за 7 гадоў. Па рахунках браты Фалей не плацілі амаль 40 месяцаў. У выніку сума доўгу вырасла да астранамічных лічбаў – сёння яны павінны дзяржаве больш за 20 мільёнаў рублёў. Акрамя гэтага, паводле слоў суседзяў, 28- і 29-гадовыя хлопцы вядуць разгульны лад жыцця.

Неаднаразова ў кватэру наведваліся і прадстаўнікі ЖЭСа сумесна з судовымі прыставамі. Аднак ні афіцыйныя прадпісанні, ні просьбы аплаціць хоць частку доўгу на кватэранаймальнікаў не дзейнічалі. У выніку суд пастанавіў выселіць хранічных неплацельшчыкаў.

У кватэру заходзяць супрацоўнікі ЖЭСа і судовыя прыставы. Іх праца - перапісаць усю маёмасць даўжнiкоў. А вось самі гаспадары кватэры, паводле слоў жыхароў дома, пакінулі яе за 30 хвілін да часу ікс. Таму высяленне наймальнікаў прайшло без іх удзелу.

І ўсё ж такі ў даўжнікоў ёсць шанец ізноў заехаць у гэтую кватэру. Для гэтага яны павінны спачатку цалкам аплаціць даўгі, пасля чаго звярнуцца ў суд з іскам аб засяленні. Дарэчы, зараз толькі ў Партызанскім раёне сталіцы пад пагрозай высялення знаходзяцца 11 нядобрасумленных кватэранаймальнікаў арэнднага жылля.

Сёння ў сталіцы больш за паўгода не аплочваюць камуналку амаль паўтысячы яе жыхароў. Пры гэтым 71 з іх ігнаруе плацёжкі на працягу трох гадоў. Толькі з пачатку 2014–га даўгі такіх мінчан перавысілі 10 мільярдаў рублёў.

Усяго ж у Мінску амаль 24 тысячы грамадзян маюць запазычанасць па камуналцы. І гэта нягледзячы на тое, што дзяржава пагашае 70% ад рэальнага кошту камунальных паслуг. А своечасовая аплата па рахунках – гэта ў першую чаргу больш якасныя ўмовы жыцця. Ад капітальнага рамонту дома да новых дзіцячых пляцовак.