Не ўсе СМІ правільна інтэрпрэтуюць інфармацыю ад урачоў аб лячэнні самых цяжкіх хворых з дыягназам СOVID-19

24 мая 2020
З кожным днём усё больш беларусаў, у якіх у анамнезе каранавірус, забываюць пра свой дыягназ і зноў паступова вяртаюцца да звыклага жыцця. Як, напрыклад, адзін з герояў наступнага нашага рэпартажу, які больш  чым месяц правёў у рэанімацыі на ШВЛ. Менавіта такія пацыенты і становяцца героямі не толькі навінавых сюжэтаў, але і навуковых прац і абмеркаванняў у медыцынскай супольнасці. Праўда, далёка не ўсе СМІ правільна інтэрпрэтуюць інфармацыю ад  урачоў аб лячэнні самых цяжкіх хворых. Як вынік - падобныя публікацыі нічога агульнага з рэальнай карцінай, дзе ў літаральным сэнсе слова медыкі выцягваюць пацыентаў з таго свету, не маюць. 

Пра нядаўніх безнадзейных хворых, у якіх наперадзе вялікая будучыня, і пра ўрачоў, якія змагаюцца за жыцці кожнага да канца, матэрыял Аляксандра Хараўца. Гэта эксклюзіўныя кадры з рэанімацыйнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. У тым, што Віктар ізноў зможа калі-небудзь расказаць  пра сваё самаадчуванне, у пэўны момант засумняваліся нават медыкі. Але ўсё роўна не перасталі змагацца за яго здароўе.  39 сутак пацыент дыхаў з дапамогай ШВЛ. І вось ужо  тры дні як яго стан з кожнай гадзінай паляпшаецца. А СOVID паступова адступае.

Пра 57-гадовага Валерыя Сокала і зусім па-абывацельску можна сказаць "ну ты і папаў". Печань дала збой. Спатрэбілася тэрміновая перасадка органа, а тут яшчэ дадаўся і каранавірус. Зрэшты, усе гэтыя дыягназы нашых медыкаў ні разу не спалохалі. Аперацыя прайшла паспяхова. І нягледзячы на тое што пакуль Валерый знаходзіцца ў рэанімацыі, урачы жартуюць:  пацыент абавязкова будзе лятаць,  як сокал.

Менавіта ў НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі  з усёй краіны сёння звозяць самых цяжкіх пацыентаў з дыягназам СOVID -19. Паспяхова іх вылечваюць і выпісваюць дамоў.  Хаця яшчэ ў самым пачатку пандэміі беларускія медыкі, як і многія замежныя, не да канца ведалі, як правільна лячыць людзей ад каранавіруса. 

Сёння сталічныя  ўрачы  пастаянна дзеляцца ўласным вопытам лячэння як з беларускімі, так і замежнымі калегамі. Для гэтага праводзяць вебінары. Адна з такіх анлайн-нарад прайшла і на гэтым тыдні. 

Задавалася б, радавое мерапрыемства, дзе анестэзіёлагі-рэаніматолагі абмяркоўваюць правільнасць лячэння і параўноўваюць статыстычныя  звесткі з паказчыкамі ў іншых краінах. Аднак на вебінар зазірнуў і адзін з журналістаў з так званага незалежнага СМІ. Убачыў інфармацыю з лічбамі і замест таго, каб разабрацца і звярнуцца па тлумачэнні да прафесіяналаў, як мага хутчэй размясціў незразумелую інфармацыю ў сябе ў сацыяльных сетках. 

Але што самае цікавае - гэты самы журналіст чамусьці не звярнуў увагу на далейшае абмеркаванне кавіднай тэмы анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў, дзе ўрачы зрабілі выснову, што падыходы  ў лячэнні самых цяжкіх пацыентаў нашымі медыкамі выбраны правільна. І сёння львіная доля хворых на ШВЛ адлучаецца ад штучных лёгкіх і пачынае самастойна дыхаць. 

Прасцей кажучы, назапашаны нашымі ўрачамі вопыт дазваляе дабівацца выдатных вынікаў у лячэнні самых цяжкіх пацыентаў з каранавірусам. У той жа час людзі хварэюць не толькі  на СOVID, але і шэраг іншых захворванняў. І медыкі кругласутачна стаяць на варце здароўя кожнага. Напрыклад, у тым жа НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі пастаянна  праводзяцца хірургічныя ўмяшанні. Толькі на гэтым тыдні тут правялі 5 аперацый па трансплантацыі печані і 9 па перасадцы ныркі.

Вядома, рана ці  позна свет забудзе пра пандэмію. Але толькі не медыкі. Урачы ўжо зараз падрабязна аналізуюць як лячэнне і выздараўленне пацыентаў, так і смяротнасць з улікам  станоўчых і адмоўных вынікаў на СOVID-19. І ўсе гэтыя вынікі са статыстычнымі  звесткамі абавязкова апублікуюць. Але не дзеля хайпу і імгненнай славы, а для здароўя сусветнай супольнасці ў цэлым і кожнага з нас асобна.