Напярэдадні вечарам не стала народнага артыста Беларусі Міхаіла Дрынеўскага. Яму было 79 гадоў. Да апошняга прафесар выкладаў у Акадэміі музыкі, якую сам жа і скончыў. 45 гадоў ён быў мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Цітовіча. Спачуванні родным і блізкім народнага артыста выказаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Імя Міхаіла Дрынеўскага стала сімвалам эпохі ў харавым мастацтве. Светлая памяць застанецца ў сэрцах.
Чацвёрты сын сям'і Дрынеўскіх, Міхаіл. Ён нарадзіўся за некалькі месяцаў да пачатку Вялікай Айчыннай. Бацька пайшоў на фронт, дайшоў да Берліна. А маці ў лясах і зямлянках некалькі гадоў ратавала чацвярых хлопцаў. Пяты брат нарадзіўся пасля вайны. Яшчэ падлеткам Міхаіл стаў іграць на акардэоне. Яго запрашалі на вяселлі і хрысціны. А калі яму было 13, узначаліў хор у роднай вёсцы Тонеж на Тураўшчыне.
Вясковы дырыжор паступае на харавое аддзяленне Гомельскага музвучылішча, затым была беларуская кансерваторыя. Упершыню перад вялікім хорам у вялікай зале Дрынеўскі стаў на пятым курсе. Выпускніка заўважыў сам Цітовіч. Аднак па размеркаванні Міхаіл трапіў на працу ў Мінскае музвучылішча. У 1973 прыходзіць да Цітовіча галоўным хормайстрам, а ў 1975 становіцца мастацкім кіраўніком калектыву. У 1983 хор адным з першых у Саюзе атрымлівае званне акадэмічнага.
Хор імя Цітовіча быў адным з лідараў народнай песні ў Саюзе. У год давалі па 170 канцэртаў. Апроч таго, Дрынеўскі у экспедыцыях шукаў песні, апрацоўваў іх. Гэта была сапраўдная навуковая база па захаванні беларускай нацыянальнай песеннай спадчыны. У 2002 годзе калектыў атрымлівае званне нацыянальнага.
На радзіме Міхаіла Дрынеўскага працуе музей, прысвечаны знакамітаму земляку. Там рэчы з бацькоўскай хаты. Там жа і першы інструмент – невялікі акардэон, на якім, не ведаючы нот, маленькі Міша падбіраў на слых музыку.
Развітанне з народным артыстам пройдзе 12 лістапада. Пахаваюць Міхаіла Дрынеўскага на Усходніх могілках Мінска.













