Не стала легенды опернай сцэны Дзмітрыя Хварастоўскага

22 ноября 2017

Прэзідэнт Беларусі выказаў глыбокія спачуванні родным, блізкім і калегам народнага артыста Расіі Дзмітрыя Хварастоўскага. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі ведаюць, любяць і высока цэняць яго творчасць. "Заўчасная смерць гэтага чалавека, дзейнасць якога натхняла і дарыла выключна станоўчыя эмоцыі, - незаменная страта для ўсіх нас", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аб смерці опернага спевака стала вядома сёння раніцай. Больш як 2 гады ён змагаўся з анкалагічным захворваннем. Дыягназ "пухліна галаўнога мозга" быў пастаўлены летам 2015. Пройдзена некалькі курсаў хіміятэрапіі. Здавалася, хвароба адступіла. Выканавец ізноў стаў з'яўляцца на публіцы. Даваў канцэрты. Апошні - летам гэтага года ў сваім родным Краснаярску.

Аксана Волкава, заслужаная артыстка Беларусі:

"Калі я вучылася, ён быў для мяне такой недасягальнай зоркай, і мне здавалася, што вышэй быць нічога не можа. У асабістых зносінах ён аказаўся вельмі адкрытым, вельмі цёплым партнёрам, чалавекам. Ён быў даступны, ён запрашаў да сябе ў госці, з гонарам паказваў дасягненні сваіх дзяцей, свой цудоўны дом, які ён будаваў з вялікай любоўю, і, вядома, ён вельмі хацеў жыць і спяваць".

Хварастоўскі не раз бываў у Беларусі. Даваў майстар-клас у беларускай Акадэміі музыкі. Таксама не раз выступаў на сцэне Палаца Рэспублікі.

У сакавіку 2017 года павінен быў адбыцца яшчэ адзін канцэрт у беларускай сталіцы, аднак з-за пагаршэння здароўя артыста ён быў адменены. І як толькі што стала вядома, опернага спевака Дзмітрыя Хварастоўскага пахаваюць на Новадзявочых могілках у Маскве.