Не рады наступленню цяпла хіба толькі жыхары адной з вуліц у Віцебску

17 марта 2016

Тут з прыходам адлігі тэрыторыя, на якой па праекце павінна быць добраўпарадкаваная дарога, ператвараецца ў непраходную перашкоду. І вось што дзіўна. Прыватны сектар з'явіўся тут яшчэ ў канцы 90-х, а дарога дагэтуль застаецца толькі на паперы. Жыхары ўжо не раз звярталіся да мясцовых улад, але тыя па нейкіх прычынах прымаць рашэнне не спяшаюцца. У сітуацыі разбіралася Вольга Маслоўская.

Сям'я Аксаны Жукавец на вуліцы Прыбярэжнай жыве 20 гадоў. 10 з іх разам з суседзямі стукаюцца ў дзверы мясцовай улады. Просяць аб адным - пабудаваць дарогу. Да паліклінікі, аптэкі і пошты пад'ехаць немагчыма. У міжсезонне людзі месяць гразь, а летам глытаюць пыл. Тут ніколі не было асфальту і нават друзавага пакрыцця.

На звароты жыхароў у тэрмін прыходзяць толькі адказы. Дарога ў здавальняючым стане, мае грунтавое пакрыццё, выкананы ямачны рамонт. Наўрад ці хтосьці паверыць у гэта, гледзячы на такія кадры.

Магчыма, аб існаванні 1-й Прыбярэжнай проста забылі. Тым больш што знайсці яе можна не на ўсіх картах горада. Каб пазначыць сябе, жыхары самі ўсталявалі паказальнікі на пад'ездзе да сваёй вуліцы.

Калі вясна на Прыбярэжнай вуліцы будзе радаваць, а не палохаць бездарожжам, спецыялісты гарадскіх служб адказаць не гатовыя.

Жыхары Прыбярэжнай жартуюць: на арэндзе гумовых ботаў прахожым за гады перапіскі з уладамі цалкам можна было зарабіць на будаўніцтва новай дарогі. І чакаюць, калі наступяць тыя самыя спрыяльныя ўмовы.