Пра гэта нашаму карэспандэнту заявілі ў камісіі Міністэрства здароўя, створанай для праверкі акалічнасцяў смерці шасцігадовага дзіцяці. Ужо вядома, што вакцына ў той дзень была ўведзеная яшчэ дзевецярым дзецям, і ніякіх пабочных эфектаў у іх не з'явілася. Прэпарат з той самай ампулы, які разлічаны на дзве дозы, быў уведзены аднагадоваму дзіцяці. У яго таксама няма негатыўных рэакцый на прэпарат. Кіраўнік камісіі Канстанцін Вільчук распавёў, што вакцынацыя памерлай дзяўчынцы праводзілася на два этапы, і першы раз у яе была нармальная рэакцыя на прышчэпку. Што датычыцца медыкаў гродзенскай паліклінікі, то іх дзеянні вывучаюцца. У дзень вакцынацыі медпрацаўнікі не знайшлі ў дзіцяці супрацьпаказанняў для працэдуры. Акрамя таго, у кабінеце было ўсё неабходнае для аказання першай дапамогі. Нагадаем, у аўторак у гродзенскай паліклініцы пасля ўвядзення вакцыны ад адзёру, паратыту і краснухі памерла шасцігадовая дзяўчынка.
Не меней як месяц запатрабуецца для высвятлення прычын гібелі дзяўчынкі пасля прышчэпкі ў Гродне
2 июня 2016













