Скласці генеалагічнае дрэва зараз стала прасцей

29 мая 2017

Спецыялісты Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі стварылі спецыяльны пошукавік. "Дапаможнік" - так называецца электронны партал - дапаможа зрабіць першыя крокі ў пошуках сваіх продкаў. Як працуе сістэма, колькі часу спатрэбіцца, каб даведацца ўсё аб сваім родзе - высвятляла Антаніна Станкевіч.

Дырэктар Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі Вячаслаў Насевіч да гэтай пары здзіўляецца. Яго прапрапрадзед напрыканцы XIX стагоддзя застаўся круглым сіратой. Але выжыў – дапамаглі сваякі і суседзі. Калі б было наадварот – не было б мяне, усміхаецца мужчына. Сёння Вячаслаў Насевіч дапамагае беларусам адшукаць свае карані. Спецыялізаваны партал "Дапаможнік" дазваляе зрабіць першыя крокі тым, хто зацікаўлены ў пошуках продкаў хоць да сёмага калена.

Прынцып працы "Дапаможніка" адрозніваецца ад вядомых пошукавых сістэм. Пачынаць трэба з увядзення прозвішча – сістэма падкажа, у якіх вёсках і гарадах жылі людзі. Далей трэба глядзець звесткі пра вёску – да якога павета, маёнтка, прыхода ці парафіі яна адносілася. Гэта ўжо падказка для прафесійных архіварыусаў – яны будуць ведаць, у якіх гістарычных кнігах трэба шукаць звесткі.

Сістэма ўключае інфармацыю пра ўсе населеныя пункты Беларусі з канца XIX - пачатку XX стагоддзяў. Нават пра тыя, якіх ужо няма на сучаснай карце.

А вось далейшы пошук продкаў павінен адбывацца ў архіве. Работа з дакументамі для людзей бясплатная. Калі аддаць яе спецыялістам, давядзецца заплаціць ад 200 рублёў.

Сёння складанне генеалагічнага дрэва – адна з самых запатрабаваных паслуг. Супрацоўнікам Мінскага абласнога архіва нават прыйшлося абмежаваць тэрмін працы ў чытальнай зале – тры гадзіны на дзень.

Пошук сваіх каранёў можа прывесці да цікавых адкрыццяў. Напрыклад, людзі па прозвішчы Станкевіч маюць свой герб з пачатку XVI стагоддзя. Такую ўзнагароду давалі за выдатныя ваенныя дасягненні, ён перадаваўся нашчадкам.

Кіраўнік Мінскага таварыства нашчадкаў шляхты Ігар Чакалаў-Шыдлоўскі ўпэўнены, ведаць свае карані павінен кожны чалавек. Сёння са сваімі паплечнікамі ён таксама дапамагае людзям скласці генеалагічнае дрэва, а для некаторых – аднавіць фамільны герб і грамату. Мужчына запэўнівае, амаль што кожны чацвёрты беларус мае шляхецкія карані.

Стварэнне сістэмы "Дапаможнік", па сутнасці, першы крок да з'яўлення паўнавартаснага электроннага архіва. Не выключана, што ў будучыні людзі змогуць шукаць сваіх продкаў не выходзячы з дома.