Знайсці працу ў Мінску прапануюць на міні-кірмашах

21 марта 2017

У сталіцы праходзяць дні прадпрыемстваў. Наведвальнікам расказваюць пра свабодныя рабочыя месцы і ўмовы працаўладкавання. Зараз толькі ў Мінску адкрыта восем тысяч вакансій. У сярэднім на аднаго беспрацоўнага прыходзіцца паўтары вакансіі. Прадпрыемствы Мінска гатовыя прыняць работнікаў па 600 розных прафесіях. Запатрабаваныя спецыялісты з сярэдняй і вышэйшай адукацыяй, а таксама рабочыя спецыяльнасці.

Больш падрабязна - Надзея Сербіненка. Зварка, гібка, афарбоўка, абрэзка. Металаапрацоўка - галоўны профіль гэтай маладой кампаніі. У штаце пакуль 15 чалавек. Але хутка прадпрыемства будзе пашырацца і шукаць новыя кадры. Дырэктар кампаніі Мікіта Гулевіч перакананы - адмысловая адукацыя далёка не галоўны прыярытэт для працадаўцы.

Рынак працы сталіцы сёння вельмі ажыўлены і мабільны. Адкрытых вакансій – каля васьмі тысяч. Новых работнікаў чакаюць у будаўнічых арганізацыях, бальніцах, паліклініках, на прамысловых гігантах і ў гандлёвых аб'ектах горада.

Толькі на гэтым тыдні ў Мінску пройдзе адразу некалькі міні-кірмашоў вакансій. Вызначыцца з выбарам прафесіі дапамогуць псіхолагі. А суразмовы з суіскальнікамі праводзяць кадравікі буйных прадпрыемстваў горада.

Патрабуюцца зваршчык, прадавец, вадзіцель і… барытон. Інфармацыя аб адкрытых вакансіях сёння размяшчаецца не толькі на стэндах ці, напрыклад, у газетах. Знайсці працу можна праз спецыяльныя мабільныя дадаткі і нават пасля прагляду прома-відэа. Нестандартны падыход да пошуку новых галасоў знайшла Мінская харавая капэла.

Такім нестандартным чынам заслужаны калектыў – Харавая капэла Палаца прафсаюзаў – вырашыла папапоўніць шэрагі сваіх салістаў. Адшукваюць менавіта бас, барытон, тэнар. Хормайстар калектыву – Кацярына Таргонская - на відэа-аб'яву ўскладае вялікія спадзяванні і ўжо рыхтуецца да праслухоўванняў новых галасоў.

Свой адметны фармат пошуку працы прыдумалі ў БДУ. Праект "Рэзюмэ выпускнікоў БДУ" - гэта інтэрнэт-платформа з базай анкет старшакурснікаў. Сэрвіс дазваляе працадаўцу ацаніць даныя прэтэндэнтаў і аператыўна запрасіць на суразмову любога выпускніка .

Патрэбную вакансію можна знайсці, звярнуўшыся ва ўпраўленне занятасці Мінска ці ў аддзелы працаўладкавання. Іх у Мінску пяць.