Наводзіць парадак на роднай зямлі пасля зімы даўно ў традыцыі беларусаў

25 апреля 2020
Сёння ў краіне рэспубліканскі суботнік. Наводзіць парадак на роднай зямлі пасля зімы даўно ў традыцыі беларусаў. Прыбіраюцца ў парках і скверах, абнаўляюць манументы і мемарыялы, "генераляць" уласныя падворкі і працоўныя месцы. На Міёршчыне надаваць лоск мясцовым славутасцям, месцам адпачынку і помнікам пачалі задоўга да афіцыйнай даты рэспубліканскага суботніка. Сёння талака на месцы былога маёнтка Святаполк-Мірскіх у весцы Каменполле і ля міёрскага вадапаспаду – знакамітага турыстычнага аб’екта на рацэ Вята. 

Вольга Маслоўская далучылася да ўдзельнікаў суботніка.  Добры настрой, сонца і месца з асаблівай аўрай. Працоўная моладзь Міёршчыны не першую вясну наводзіць парадак на тэрыторыі былога маёнтка князёў Святаполк-Мірскіх, што ў Каменполлі. Прывезлі рыдлёўкі, мётлы, бензапілы. Збіраюць смецце, выразаюць сухія парасткі. 

Алеі старога парку - партал у мінулае. Вось гэтым дзвюм лістоўніцам больш за сто гадоў. У 1904 годзе іх у дзень шлюбу пасадізлі апошнія ўладары маёнтка. А сёння закаханыя прыязджаюць сюды, каб заручыцца. Да нашых часоў захаваўся перабудаваны дом Святаполк-Мірскіх, і толькі на фотаздымках - капліца і стайня. А гэта ўжо гісторыя пазнейшая: магіла невядомага салдата і абеліск героям Вялікай Айчыннай у Каменполлі дагледжаны заўсёды. Удзельнікі суботніка фарбуюць агароджу і аднаўляюць кветнікі. 

На шум талакі падцягваюцца і мясцовыя жыхары. Касінія Казачонак усё жыцце пражыла ў Каменполлі. Гаспадыня аграсядзібы, яна часта прымае турыстаў, што прыязджаюць падзівіцца на знакамітыя балоты Міёршчыны. Таму парадак у родным кутку стараецца падтрымліваць не толькі ў працоўную красавіцкую суботу. 

Любімым месцам адпачынку і мясцовых, і турыстаў з’яўляецца вадаспад на рацэ Вята. За прыгажосць яго называюць "Міёрскай Неагарай". Дагалядаюць яго супрацоўнікі мясцовага сельгаспрадпрыемства: насыпалі невялікі пляж, для зручнасці наведвальнікаў злажылі брук, паставілі альтанку. 

Дарэчы, вадаспад - таксама месца з гісторыяй. У пачатку ХХ стагоддзя тут стаяла фабрыка па вырабе кардону з мясцовых гатункаў асіны, пасля быў млын, пазней - электрастанцыя. Ужо некалькі дзесяцігоддзяў на рацэ няма ніякіх прамысловых аб’ектаў. А штучная плаціна ператварылася ў прыродную славутасць - вадаспад. Спякотнымі днямі прыязджаюць сюды турысты: дзеля таго, каб зрабіць эфектныя фотаздымкі і каб пацешыцца пад імклівымі бруямі вады. 

Так што суботнік - гэта не толькі магчымасць надаць родным мясцінам прыгажосць, але і шанц лепей даведацца пра гісторыю малой радзімы, гісторыю, што не перастае ўражваць.