Навесці парадак і ліквідаваць пункты стыхійнага гандлю

28 августа 2014
Навесці парадак і ліквідаваць пункты стыхійнага гандлю - менавіта такую параду выказаў мэр горада падчас планавага аб'езду сталіцы. Штрафы за нелегальную рэалізацыю тавараў прапануюць павысіць. Дарэчы, гандлю ў пераходзе ёсць альтэрнатыва. Прадукцыю са сваіх участкаў можна рэалізоўваць бясплатна на рынках, якіх у Мінску больш за дваццаць.

Надзея Сербіненка разбіралася ў тэме.

З несанкцыянаваным гандлем у Мінску змагаюцца даўно. Але, як бачна, безвынікова. Штраф у памеры максімум дзвюх базавых велічынь не палохае прадаўцоў. І нават пагроза канфіскацыі прадукцыі не спыняе гандляроў-нелегалаў.

Аматары падзарабіць нелегальна заўсёды збіраюцца ў месцах вялікай колькасці людзей - каля рынкаў, метро і вакзалаў.

Несанкцыянаваны гандаль - набалелае пытанне для гарадскіх улад. Тут, на вуліцы Бурдзейнага, прадаўцы парушаюць усе санітарныя нормы. Але насамрэч змагацца са стыхійным гандлем даволі складана.

Толькі заўважыўшы відэакамеру, хтосьці хавае твары і раптам пакуе свой тавар. Але ёсць і тыя, хто не саромеецца і выказвае свой погляд.

Побач - вялікі рынак, дзе прадукцыю са сваіх участкаў дазваляюць прадаваць бясплатна. Але пра гэта гандляры ці не чулі, ці не хочуць чуць.

Рынак Заходні - адзін з першых заключыў гандлёвае пагадненне з Мінгарвыканкамам. Прадукцыю са сваіх участкаў сюды прывозяць дачнікі з усіх рэгіёнаў краіны. Галоўнае для іх тое, што за арэнду гандлёвага месца плаціць не трэба.

Нават самі прадаўцы адзначаюць: у пераходах зараз гандлююць не толькі гароднінай ці садавінай, а нават малочнай прадукцыяй. Але купляць тварог і масла з рук - проста небяспечна!

Пры гэтым, каб заняць свабоднае і бясплатнае месца на рынку, дакументаў патрэбна няшмат.

Падземны пераход станцыі Каменная Горка. Стыхійны гандаль тут таксама з'ява звыклая. Але нядаўна мэр даручыў тэрмінова навесці парадак у пераходзе. Наша здымачная група накіравалася туды на наступны дзень. Рэзюмэ - каля уваходу ў метро няма ніводнага прадаўца. Але ці на доўга? Пакуль пытанне застаецца адкрытым.