Распазнаваць птушак навучаць у школе бёрдвотчара

21 февраля 2017

Паляванне не са стрэльбай, а з фотаапаратам! Новы від турызму - арніталагічны - набірае папулярнасць у Мінскай вобласці. Для гасцей са Злучаных Штатаў, Вялікабрытаніі, скандынаўскіх краін хобі больш папулярнае, чым рыбалка. І са спрашчэннем візавага рэжыму для аматараў экатурызму - больш магчымасцяў. Наша прырода прываблівае турыстаў асабліва рэдкімі крылатымі. А навучыцца распазнаваць галасістых вучыць школа бёрдвотчара. На занятках пабывала Аляксандра Драгун.

Ад бусла да ястраба! Распазнаваць па галасах і вонкавым выглядзе сотню птушак навучаць амаль за два месяцы ў школе бёрдвотчара. Выкладаць лекцыі і практычныя заняткі будуць прафесійныя арнітолагі. Навічкі даведаюцца пра дрэс-код назіральніка, як правільна пракладаць маршрут па птушыных сцежках і занатоўваць убачанае.

Гэтыя 18 чалавек – «першакласнікі» школы бёрдвотчара – назіральніка за птушкамі. Сярод вучняў – людзі розных узростаў і прафесій: бізнесмены, інжынеры, урачы, дызайнеры. Хтосьці марыць адрозніваць птушак на кармушцы ля дома, некаторыя - даведацца, дзе жывуць крылатыя драпежнікі, іншыя прыйшлі па натхненне. У Ягора Барыскевіча таксама канкрэтная мэта – убачыць зграі соў.

За выкладчыка тут Сямён Левы – арнітолаг з больш чым 20-гадовым стажам. Дарэчы, ён рэкардсмен Беларусі – на свае вочы ўбачыў 279 птушак у нашай краіне. Праз 8 лекцый адправіцца з новымі вучнямі па лясах на паляванне не са стрэльбай - з фотаапаратам.

Акрамя звычайных дапаможнікаў аб разнастайнасці крылатых і шпаргалак па птушынай анатоміі, у якасці метадычнага матэрыялу карыстаюцца і відэаўрокамі з паліфаніяй лясных жыхароў.

Аналагаў такой школе, дзе выкладаюць птушыную навуку, няма ў краінах СНД. Летась стартавалі ў пілотным рэжыме. Тады падрыхтавалі 12 назіральнікаў за птушкамі. Адна з выпускніц – Марына Касьянава – актыўна карыстаецца новымі ведамі.

На сваіх крылах птушкі распаўсюдзілі па краінах свету новае захапленне - бёрдвотчынг і адпаведна новы від адпачынку – арніталагічны турызм.

Сезон, прыдатны для назірання, для кожнай птушкі свой. З паслабленнем жа візавага рэжыму для аматараў экатурызму стане больш магчымасцяў паблукаць птушынымі сцежкамі.