Нацыянальны санктуарый у Будславе сустракае паломнікаў з усіх епархій Беларусі

5 июля 2013

Нацыянальны санктуарый у Будславе ў гэтыя хвіліны сустракае паломнікаў з усіх епархій Беларусі. Папскі легат прыбыў у Мядзелскі раён. Падчас вячэрняй службы кардынал звернецца да пілігрымаў і перадасць благаславенне ад Святога айца. Каб трапіць да заступніцы Беларусі і адчуць вялікую сілу намоленай стагоддзямі іконы, многім вернікам прыйшлося пераадолець пяшком шлях некалькі соцень кіламетраў.


Аб падарожжы ў імя веры і духоўнага вылячэння - Аксана Шыдлоўская. Іх у дарогу кліча нястомнае жаданне пакланіцца Маці Божай Будслаўскай - апякунцы Беларусі. Цудадзейны і 15 гадоў таму каранаваны абраз, чатыры стагоддзі не проста ўпрыгожвае велічны храм у Будславе - здзяйсняе шматлікія цуды аздараўлення і духоўнага ўзбагачэння.


Самай працяглай выдалася пілігрымка з Баранавіч. Вернікі ў дарозе правялі ажно 9 дзён! Спякота, дождж, нацёртыя да крыві мазалі сапраўдным пілігрымам, якія крочаць у Будслаў ужо 20-ты раз, нічога не замінае.


Кухня на калёсах суправаджае кожную пілігрымку, каб можна было падхарчавацца ў дарозе. Да таго ж, жыхары мястэчак, праз якія ідзе шлях да Будслава, абавязкова частуюць падарожнікаў сваімі прысмакамі. У вёсцы Сцешыцы Вілейскага раёна заўсёды з нецярпеннем чакаюць чарговага спаткання.


Гасціннасць і ветлівасць беларусаў прыемна ўразіла і Яўгена Баланёва. Сам ён - з Санкт-Пецярбурга, год як вучыцца ў Пінскай духоўнай семінарыі. Да Маці Божай Будслаўскай ідзе разам з ракаўскімі пілігрымамі.


У ракаўскіх пілігрымаў самае ўлюбёнае месца для прывалу - бераг Віліі. Яны тут спыняюцца вось ужо дзясяты раз. Кожная пілігрымка імкнецца быць адметнай - загадзя рыхтуе прыгожыя хустачкі пэўнага колеру. Каб у Будславе, у тысячным натоўпе з лёгкасцю распазнаць вернікаў свайго прыхода.


Служба праходзіць пад адкрытым небам. Імправізаваны алтар упрыгожваюць палявымі духмянымі кветкамі. У малітвах гучыць падзяка Маці Божай Будслаўскай -за благаслаўленне для ўсіх католікаў Беларусі.


Больш за чатыры тысячы пілігрымаў з усіх епархій Беларусі сабраліся сёння ў Будслаў, каб прыняць удзел у маштабных святкаваннях 400-годдзя знаходжання ў святыні цудадзейнага абраза. Заўтра да пешых вандроўнікаў далучацца яшчэ дзясяткі тысяч вернікаў, каб стаць сведкамі галоўнай урачыстасці ў гонар апякункі нашай краіны.