Нацыянальны парк “Нарачанскі” прэзентаваў новы экскурсійны маршрут

4 июня 2015

Розныя віды турызму актыўна развіваюць у сталічным рэгіёне. Нацыянальны парк “Нарачанскі” прэзентаваў новы экскурсійны маршрут па месцах баявых падзей Першай сусветнай вайны. Санаторыі і гасцініцы Мядзельскага раёна павялічваюць экспарт турыстычных паслуг. Лепшым у краіне пастаўшчыком пуцёвак для іншаземцаў стаў адзін з нарачанскіх санаторыяў.

Надзея Сербіненка працягне тэму.

Курортны пасёлак Нарач. На пачатку лета турысты сюды толькі пачынаюць з’язджацца - пік наплыву прыпадае на ліпень-жнівень, але гэта тычыцца толькі экалагічнага турызму. У Нарачанскім рэгіёне зараз актыўна развіваецца аздараўленчы, паляўнічы, рэкрэацыйны, транзітны і гістарычны турызм.

Сёння нацыянальны парк "Нарачанскі" прапануе турыстам не толькі экалагічны, але і пазнавальны адпачынак. На тэрыторыі Мядзельскага раёна знаходзіцца шмат гістарычных помнікаў, звязаных у тым ліку і з Першай сусветнай вайной.

Распрацоўвае гістарычныя маршруты Людміла Краўчонак. Экскурсіі праводзяць па месцах бітваў 1916 года - так званай Нарачанскай наступальнай аперацыі. Такімі маршрутамі цікавяцца не толькі беларускія, але і замежныя турысты.

Менавіта на экспарт сваіх паслуг сёння арыентуюцца нарачанскія санаторыі і гасцініцы. Лепшым экспарцёрам турпаслуг, паводле версіі Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, стала вось гэта здраўніца. Прыкладна палова адпачывальнікаў - іншаземцы. Амаль усе нумары на летні перыяд забраніраваны.

Сучаснае медыцынскае абсталяванне, спа-паслугі для самых дасведчаных кліентаў, свой рэстаран і пляжна-паркавая зона. Каб быць паспяховым, санаторый павінен стаць комплексам

паслуг і прапаноў для турыста. Гэта і прыцягвае на Нарач замежных турыстаў, у першую чаргу, з Расіі.

Экалагічны турызм, які ў першую чаргу прыцягвае адпачывальнікаў у Мядзельскі край, таксама развіваецца. Для экскурсій па прыродным комплексе “Блакітныя азёры” распрацаваны мабільны аўдыягід. Ён дазволіць нават без падключэння да Інтэрнэту атрымаць поўную інфармацыю пра экалагічны маршрут.