Нацыянальны парк "Белавежская пушча" пашырае турыстычныя межы

12 июня 2015

З сённяшняга дня ў запаведны лес з польскага боку на беларускі можна трапіць без візы. І гэта не будзе парушэннем. Тэрмін знаходжання іншаземцаў у бязвізавым рэжыме пакуль трое сутак, гуляць можна выключна па тэрыторыі нацыянальнага парку. Пра бязмежную гасціннасць рэпартаж Вікторыі Патоні.

Гэта знакавая падзея. На мяжы ў пункце пропуску "Перароў" у самым запаведным лесе крокі насустрач новаму фармату трансмежных адносін робяць першыя бязвізавыя турысты. Да гэтай ініцыятывы прыкавана пільная ўвага не толькі беларускіх СМІ, але і замежных калег. У доўгачаканай трыццатцы першых і афіцыйныя асобы: губернатар Беластоцкай вобласці, генеральны консул Беларусі ў Польшчы.

Аляксандр Берабеня, генеральны консул Беларусі ў Беластоку: "Думаю, праз непрацяглы час і нашы грамадзяне змогуць таксама выкарыстаць такую ж магчымасць, каб убачыць прыгажосць Белавежскай пушчы па польскім боку".

У першыя гадзіны бязвізавага рэжыму сярод турыстаў шлюбная пара з Сілезіі. Алена і Збігнеў падарожнікі са стажам. У спісе краін, дзе яны пабывалі, Беларусь - 45-ая. Гавораць, прапусціць такі шанц трапіць у іншую дзяржаву без візавых фармальнасцяў яны не маглі.

Алена і Збігнеў Шміткоўскія, турысты, г. Дамброва-Гурна, Польшча: "Мы вельмі рады гэтай падзеі. І лічым, што гэта добрая падстава ўмацаваць добрасуседскія адносіны. Бо мы такім чынам яшчэ больш даведваемся адзін пра аднаго. Ды і цікава паглядзець на маёнтак беларускага Дзеда Мароза, рэзервацыю зубраў".

Час бязвізавага знаходжання абмежаваны да трох сутак. Трапіць у Белавежскую пушчу можна будзе толькі праз пешаходна-веласіпедны пункт пропуску "Перароў".

У бязвізавым рэжыме зацікаўлены і на тэрыторыі сумежнай дзяржавы. Супрацоўнікі нацыянальнага парку распрацавалі канцэпцыю трансмежнага турызму. Ужо да канца гэтага года тут, на тэрыторыі беларускай часткі Белавежскай пушчы, чакаюць на 10 тысяч больш гасцей менавіта з боку Еўрасаюза.

Летась "Перароў" перасеклі каля 6 тысяч турыстаў. Да павелічэння іх колькасці гатовы і пагранічнікі: стала больш змен і нарадаў.

Сяргей Галубовіч, начальнік аддзялення пагранічнага кантролю "Высокалітоўск": "Каб наведаць Нацыянальны парк "Белавежская пушча", замежнаму грамадзяніну дастаткова мець сапраўдны пашпарт для перасячэння дзяржаўнай мяжы і дакумент, які пацвярджае права знаходжання на тэрыторыі. Гэты дакумент яны могуць набыць на тэрыторыі сумежнай дзяржавы ў любой замежнай турфірме".

Вось так выглядае бланк-заяўка на групавое і індывідуальнае наведванне запаведніка. Трапіць на тэрыторыю турысты могуць толькі тады, калі забраніруюць месца ў гасцініцы або купяць білет на экскурсію. Гэта і ёсць своеасаблівы пропуск пры перасячэнні мяжы. Выходзіць за межы нацыянальнага парку строга забаронена. Інакш штраф і нават дэпартацыя. Белавежская пушча ўваходзіць у пагранічную зону.

Беларускі бок Белавежскай пушчы на такой адкрытасці меж плануе зарабіць як мінімум 25 мільярдаў рублёў за год. Першы крок бязмежнай гасціннасці турысты ўжо называюць сапраўдным прарывам у супрацоўніцтве.