Нацыянальны каларыт і айчынная культура

2 февраля 2015

За 50 кіламетраў ад сталіцы кожную суботу можна акунуцца ў атмасферу старабеларускага побыту. Турызм з прыстаўкай агра зараз не проста паход па новыя ўражанні, але і ілюстрацыя нашай спадчыны. Аўтэнтычныя народныя традыцыі прыцягваюць гасцей з-за мяжы. Ісландыя, Японія, Кітай, Ізраіль і іншыя краіны ў спісе пастаянных наведвальнікаў аграсядзібы пад Мінскам.

Па экзотыку на беларускі хутар адправілася і наша здымачная група. Васіль - гаспадар аграсядзібы, што ў Валожынскім раёне, сваіх гасцей традыцыйна сустракае не хлебам-соллю, а лыжкай мёду. Тут жа заўзяты пчаляр дае майстар-клас - адкрывае сакрэты свайго любімага рамяства. Аповед, не пазбаўлены гумару, аднолькава цікавы як для дарослых, так і для дзяцей.

Традыцыйным беларускім промыслам у сям’і Фраловых займаюцца даўно. Мёд збіраў яшчэ прадзед Васіля. Сакрэты перадаюць з пакалення ў пакаленне.

Ад бортніцтва да пчалярства. Невялікі экскурс па бурштынавай справе наведвальнікам аграсядзібы даспадобы.

Экскурсія пачынаецца з дэгустацыі мёду. А далей гасцей чакае музычная праграма ў беларускім стылі. Але самае прыемнае – гэта традыцыйныя нацыянальныя стравы, якія нельга не пакаштаваць.

Нацыянальная вячэра – яшчэ адна адметнасць аграсядзібы. Бабуліны рэцэпты аднавілі да дробязей. Нават сервіроўку захавалі менавіта старабеларускую. Прызнаюцца, гасцей здзіўляе не толькі самабытнасць страў.

Расіяне, літоўцы, латышы, палякі і нават ісландцы. Аўтэнтыка беларускіх аграсядзіб захапляе замежных турыстаў. Чацвёрты год запар актыўна нашу краіну наведваюць турысты з Рэйк’явіка.

На майскія святы ў Валожыне чакаюць турыстаў з Аргенціны. Стануць відавочцамі святкавання 70-годдзя Перамогі і госці са Швейцарыі, Даніі, Японіі. Яны ахвотна пазнаёмяцца з самабытнай беларускай культурай.