Нацыянальны мастацкі і БДПУ падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве

2 октября 2020

Пасвячэнне ў студэнты у храме муз. Такім першакурснікам Беларускага педуніверсітэта імя Максіма Танка запомніцца Міжнародны дзень музыкі. Напярэдадні маладыя людзi далі клятву ў сценах белай залы Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Вядучая выставачная пляцоўка краіны стане абавязковай часткай адукацыйнага працэсу для выхаванцаў факультэта эстэтычнай адукацыі. Падчас цырымоніі адбылося падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным мастацкім музеем і ўніверсітэтам. Цяпер вывучаць мастацтва будуць не толькі ў аўдыторыях, але і ў музейных залах. Для студэнтаў прадугледжаны лекцыі і семінары.

Уладзімір Пракапцоў, гендырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: "Мы будзем выкарыстоўваць таксама і нашых студэнтаў, не толькі першакурснікаў, але і іншых курсаў універсітэта ў плане іх падрыхтоўкі менавіта на нашай базе і як валанцёраў у розных нашых музейных праграмах. Гэта ноч музеяў славутая. Гэта, думаю, дасць свой вынік у плане таго, што мы сёння выхаваем не толькі высокапрафесійнага спецыяліста, які будзе валодаць добра камп'ютарам, электроннымі сродкамі масавай інфармацыі, але ён будзе ведаць сваю гісторыю, сваю культуру".

Першы крок да супрацоўніцтва не проста на словах, але і на справе: у арт-кафэ Нацыянальнага мастацкага музея экспануюцца творчыя работы выпускнікоў факультэта эстэтычнай адукацыі.