Нацыянальныя ўзоры з жывых кветак сёлета з'явяцца ў цэнтры Мінска

17 мая 2016

Каларытныя пано ўпрыгожаць парк Янкі Купалы і плошчу Якуба Коласа. За аснову духмяных кампазіцый спецыялісты Мінскзелянбуда возьмуць рознакаляровыя бягоніі. Новыя кветнікі прымяркуюць да Года культуры, які сёлета аб'яўлены ў краіне. Акрамя гэтага, Мінск упрыгожаць зялёныя кампазіцыі з тапіярных дрэў і кустоў. Жывыя фігуры дапоўняць тэрыторыю ўздоўж праспекта Машэрава. У спальных жа раёнах сталіцы мінчане ўсё часцей самі праяўляюць свае фларыстычныя здольнасці. Сёлета больш за 4 мільярды рублёў - гэта пазабюджэтныя і сродкі гараджан – накіруюць на добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый. Усяго ж сёлета на рамонт дваровых праездаў, малых архітэктурных форм, замену гульнявога абсталявання на дзіцячых пляцоўках і азеляненне з бюджэту выдаткавана больш як 45 мільярдаў рублёў.