Нацыянальнае агенцтва па турызме 11-ты раз праводзіць конкурс Пазнай Беларусь

14 августа 2013

Пазнаць Беларусь заклікае Нацыянальнае агенцтва па турызме. Аднайменны конкурс праходзіць у краіне ўжо 11-ты раз. Паводле статыстыкі, турыстаў у нашай краіне становіцца больш. За мінулы год Беларусь наведала 119 000 іншаземцаў. Большасць - з экскурсійнымі мэтамі. Але беларусаў, якія жадаюць адпачываць дома, па-ранейшаму мала. Арганізатары конкурсу спадзяюцца ажывіць цікавасць да родных прыгажосцяў.


Расказвае Юлія Плытнік: Дзякуючы турыстычнаму агенцтву Вольгі Гулюты, за 6 гадоў Беларусь адкрылі дзясяткі тысяч іншаземцаў. За што і заслужаная ўзнагарода - статуэтка конкурсу Пазнай Беларусь у намінацыі За развіццё ўнутранага турызму. У адрозненне ад большасці турагенцтваў, якія гандлююць Егіптам і Турцыяй, тут 6 гадоў таму пачалі прадаваць выключна беларускія туры. Сёлета выстаўляюць свой інтэрнэт-сэрвіс, які наблізіў Беларусь да турыстаў.


Конкурс Пазнай Беларусь праводзіцца 11-ты раз па 7 намінацыях. Змагаюцца не толькі турыстычныя агенцтвы. Пазмагацца за галоўны прыз прапаноўваюць любому падарожніку.


Пераможа самы хуткі і нястомны. Нацыянальнае агенцтва па турызме абяцае аддаць прыз таму, хто дашле больш уласных фатаграфій на фоне турыстычных аб'ектаў Беларусі. У прапанаваным спісе 500 пазіцый. Вядома, сярод іх і ўнікальны алмаз ведаў - Нацыянальная бібліятэка.


Прыз - уікэнд на дваіх з харчаваннем, пражываннем і забавамі. Пры гэтым арганізатары гавораць, што не здзівяцца, калі пераможцам стане не жыхар Беларусі. Дзіўна, але менавіта іншаземцы больш актыўныя падарожнікі па нашай краіне. Мінспорту пакуль не ўдалося запусціць моцную хвалю ўнутранага турызму.


Тых, хто больш актыўна пазнае Беларусь, узнагародзяць 27 верасня ў Дзень турызму.