Нацыянальная бібліятэка Беларусі адзначае рэкорд па колькасці наведвальнікаў

8 октября 2018

За два апошнія тыдні колькасць ахвотнікаў трапіць у кнігасховішча падвоілася. За дзень гэта каля 3 тысяч чалавек. Такі ажыятаж супрацоўнікі бібліятэкі звязваюць з выставай "Беларусь і Біблія". Чым так прывабны праект? Наталля Бардзілоўская прадоўжыць.

Гэтую выставу бачылі толькі Ганконг і Ватыкан. Бібліі свету трэці раз збіраюць разам у такой колькасці. Усе 200 экспанатаў – арыгіналы, грашовы кошт якіх уражвае. Рарытэты з Паўднёвай Карэі, Вялікабрытаніі, Ізраіля, Злучаных Штатаў Амерыкі. Уладальнікі шэдэўраў - дзясятак прыватных калекцыянераў, якія пазычылі свае рэліквіі Мінску. Місія гуманітарная: праект некамерцыйны, уваход на выставу бясплатны.

Скот Кэрал, дырэктар арганізацыі "Група даследаванняў рукапісаў", ЗША:

"Усе прадметы распавядаюць цэлую гісторыю Бібліі: як яна ўзнікла, як дайшла да нас. Мы прадстаўляем Кнігу Кніг ад самых ранніх рукапісных тэкстаў да шэдэўраў друкавання і найноўшых, сучасных прачытанняў і нанатэхналогій".

Скот Кэрал – вядомы ў свеце даследчык манускрыптаў. Калекцыянеры пазычаюць яму старадрукі на давер. Амерыканец асабіста суправаджае выставу, праводзіць экскурсіі і прапануе інтэрактыў з трохсотгадовай Торай. Скрутак з Германіі ўжо некашэрны. Не выкарыстоўваецца ў набажэнствах. Таму гэта адзіны экспанат, да якога тут можна дакранацца. Астатнія святыні пад спецшклом вітрын: яно адбівае шкодны для кніг ультрафіялет, стварае неабходныя 20 градусаў па Цэльсіі і вільготнасць не больш за 55 працэнтаў. Нашай здымачнай групе зрабілі выключэнне. Вось ён, эксклюзіў - мы дакранаемся да самага дарагога і самага закрытага ў свеце старадрука.

Гэты экспанат – Кнігу Эсфіры – ніхто ў свеце так блізка не трымаў, акрамя стваральнікаў, прыватнага калекцыянера і... нас! Скрутак з'явіўся прыкладна ў XVII стагоддзі ў Італіі. Потым быў перавезены на ўсход Кітая. У XVIII cтагоддзі падораны паслу Брытаніі ў Кітаі, той вярнуў рарытэт у Еўропу. У наш час рэліквія захоўваецца ў прыватнай калекцыі Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэта ўнікальны экспанат і па сваёй захаванасці, і па пісьме, і па дэкоры.

Вось Евангелле, напісанае кітайскім пастырам на… туалетнай паперы. Святое слова пісалася па памяці ў часы забароны на веру: мікс моў – класічная і сучасная эпохі Маа. Сярод прыкметных прадметаў – Біблія на скуры, Евангелле на ланцугу, паясны Псалтыр, індыйская Тора ў багатым, з каштоўнымі камянямі куфары, армянскі рукапіс Кілікійскага царства.

Свае рарытэты на выставе экспануе і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Берасцейская Біблія, кнігі друкарні Мамонічаў і Куцеінскага манастыра. У экспазіцыі ёсць стэнд, прысвечаны ўплыву Бібліі на сучаснае еўрапейскае мастацтва: апошнія кнігі Евангелля - Апакаліпсіс і Адкрыццё Іаана Багаслова ў ілюстрацыях Альбрэхта Дзюрэра, Густава Дарэ і Сальвадора Далі.

Выстава Бібліі прабудзе ў Мінску да 21 кастрычніка. Потым яе ўбачаць у Расіі.