Качанава: У Год гістарычнай памяці Дзень Перамогі набывае асаблівае значэнне

4 мая 2022

У Год гістарычнай памяці Дзень Перамогі набывае асаблівае значэнне. Пра гэта заявіла спікер верхняй палаты парламента Наталля Качанава. Сёння члены Савета Рэспублікі ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу "Масюкоўшчына". Гэта помнік ваеннапалонным і цывільным асобам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай у адным з найбуйнейшых на акупіраванай тэрыторыі былога Савецкага Саюза  канцлагеры смерці Шталаг-352. У гэтым лагеры фашысты прымянялі асабліва жорсткую сістэму пакут і зняваг чалавечай годнасці. З ліпеня 1941 па 3 ліпеня 1944 у Шталагу-352 загінула больш за 80 тысяч салдат і афіцэраў Савецкай арміі, якія трапілі ў палон, і мірных жыхароў, сагнаных у лагер з Мінска і навакольных вёсак. Сёння на тэрыторыі мемарыяла размешчаны брацкія магілы, кожная з якіх пазначана мармуровай чорнай плітой.