Наталля Качанава правяла відэаперамовы з дырэктарам Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ

1 апреля 2020
Па даручэнні Прэзідэнта для рэальнай ацэнкі сітуацыі ў краіне і працы нашай сістэмы аховы здароўя Беларусь запрашае місію СААЗ.  Сёння спікер Савета Рэспублікі Наталля Качанава правяла відэаперамовы з дырэктарам Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ і запрасіла прыехаць у Беларусь ад імя Прэзідэнта. 

"Мы бачым сёння мноства розных інфармацыйных укідаў і фэйкаў у дачыненні да тых мерапрыемстваў,  якія праводзяцца ў нас у краіне. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка  папрасіў перадаць Вам запрашэнне для таго, каб даць рэальную ацэнку той сітуацыі, якая ў нас складваецца, рабоце нашай сістэмы аховы здароўя", - адзначыла Наталля Качанава.

У сваю чаргу дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ падкрэсліў: "Вельмі важна, што кіраўнік краіны настолькі далучаны да гэтага пытання, мне прыемна аб гэтым  даведацца. Раней я звяртаўся з лістом у Міністэрства аховы здароўя Беларусі, у якім падкрэсліў правільныя крокі, якія робіць беларускае кіраўніцтва. Зараз такі момант, калі мы павінны мабілізаваць грамадства, каб пераадолець сітуацыю".

Акрамя таго, Ханс Клюге паведаміў аб намеры абмеркаваць з кіраўніцтвам СААЗ пытанне накіравання экспертаў і яго асабістага візіту ў Беларусь. Мы звязаліся з прадстаўніком гэтай арганізацыі ў Беларусі  Батырам Бердыклычавым. І ён пацвердзіў нашаму тэлеканалу, што зараз у рэгіянальным бюро займаюцца падрыхтоўкай прыезду місіі СААЗ у найбліжэйшы час. 

Батыр Бердыклычаў, прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі: "Мы вельмі рады такому запрашэнню. Мы ўспрымаем гэта як магчымасць адкрытага, канструктыўнага дыялогу і сумеснай працы са спецыялістамі СААЗ і Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Мы, вядома, знаходзімся ў пастаянным кантакце, мы працуем над ацэнкай патрэбнасці, над прагназаваннем сітуацыі. СААЗ выпусціла вялікую колькасць тэхнічных інструкцый па лячэнні,  па вядзенні хворых, арганізацыі мерапрыемстваў эпідэміялагічных. Таму мы бачым, што Міністэрства аховы здароўя выкарыстоўвае іх, што праца дастаткова цесная". 

Назіраючы за развіццём сітуацыі ў нашай краіне на ранняй стадыі, СААЗ адзначаў своечасовыя і абгрунтаваныя дзеянні беларускіх спецыялістаў. Значныя намаганні і рэсурсы сістэмы аховы здароўя былі накіраваныя на ранняе выяўленне выпадкаў заражэння COVID-19  з выкарыстаннем лабараторнай дыягностыкі, ізаляцыю, аказанне дапамогі пацыентам  і адсочванне кантактаў. Як гэта і рэкамендавала Сусветная арганізацыя. Зараз задача - скаардынаваць дзеянні  і па-новаму  аб'ектыўна ацаніць сітуацыю.